Дзяніс Садоўскі: Будаўніцтва АЭС у Беларусі – злачынства


Адрозна ад мінулага года, Менскі гарвыканкам дазволіў правядзенне “Чарнобыльскага шляху”. Акцыя распачнецца ў гадавіну трагедыі, 26 красавіка, а 18:30 каля Акадэміі навук, пасля шэсце накіруецца ў парк Дружбы народаў, дзе адбудзецца гадзінны жалобны мітынг. Завершыцца акцыя ўскладаннем кветак каля царквы абразу Божай Маці “Спатоленне загінулых”.

Сёлетні “Чарнобыльскі шлях” пройдзе пад канкрэтным заклікам: “Не – АЭС у Беларусі”. Паводле аднаго з заяўнікаў акцыі, адказнага сакратара “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, аргкамітэт акцыі мае агульнае меркаванне, што будова АЭС пры дзейных уладах за расейскія грошы ёсць злачынствам.

Арганізатары акцыі спадзяюцца на колькасць удзельнікаў, параўнальную з лікам прысутных на сёлетнім Дні Волі, – паводле розных ацэнак, 2–5 тысячаў чалавек.

“Гэта максімальнае, на што мы можам разлічваць. Каб гэта была акцыя з нейкімі палітычнымі патрабаваннямі, то не трэба было б і пытацца пра дазвол. Маю надзею, што людзей прыйдзе нават больш, чымся на Дзень Волі. Галоўнае ў гэтым пытанні – легальнасць акцыі. Дарэчы, чарнобыльская капліца недалёка ад плошчы Бангалор”, – кажа Дзяніс Садоўскі.

Беларусь найбольш пацярпела ў выніку чарнобыльскай трагедыі, аднак на традыцыйны “Чарнобыльскі шлях” прыходзіць штогоду ўсё менш грамадзянаў.

“Асноўная прычына – гэта інфармацыйная ізаляцыя. Для большасці людзей гэта нейкая гістарычная падзея, і мала хто гэтым пераймаецца. Да таго ж палітыка дзяржавы, якая кажа, што праблемы з Чарнобылем няма. Аднак нельга ўсё валіць на дзяржаву – безумоўна, ёсць і віна апазіцыі ў гэтым, аднак у дзяржавы непараўнальна больш сродкаў, каб казаць людзям праўду”, – кажа палітык.

belsat.eu
https://youtu.be/OvWRIktHzPE

Глядзі таксама
Каментары