15 новых вытворчасцяў мае з’явіцца ў кожным раёне Менску


Такое даручэнне даў старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

Паводле Мікалая Ладуцькі, развіццё прамысловага сектару мусіць ісці апераджальнымі тэмпамі, і задача мясцовых уладаў – забяспечыць умовы для бізнесу, уцягнуць у абарачэнне вытворчыя плошчы, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Асаблівыя надзеі кіраўнік гарвыканкаму ўскладае на развіццё рэгіянальнага тэхнапарку, які неўзабаве мае запрацаваць напоўніцу. Ён павялічыць колькасць малых інавацыйных прадпрыемстваў. Мікалай Ладуцька даручыў звярнуць увагу на развіццё бізнес-інкубатараў вытворчай накіраванасці.

Згодна з ацэнкамі старшыні Камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Аляксандра Крэпака, больш за 12,5 %, ці 1 млн кв. м вытворчых плошчаў, выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Далучэнне іх да гаспадарчага абарачэння дазволіць дадаткова атрымаць больш за 18 трлн рублёў прамысловай прадукцыі, 1,5 трлн падаткаў, стварыць больш за 30 000 працоўных месцаў.

Старшыня бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага Георгій Бадзей ухвальна ставіцца да планаў Менгарвыканкаму.

“Адкрыць 15 новых вытворчасцяў у кожным раёне Менску за гэты квартал цалкам рэальна, але папярэдне неабходна правесці грунтоўныя маркетынгавыя даследаванні, каб бізнес стаў прыбытковым. На мой погляд, цяпер перспектыўна адкрываць бізнес у кансалтынгавай ды інжынернай галінах”, – зазначыў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў