«Чарнобыльскі шлях» на ходніках і без гукаўзмацняльнікаў?


Дазволіўшы шэсце і мітынг 26 красавіка, менскія ўлады ўсё ж задаволілі не ўсе просьбы аргкамітэту правядзення «Чарнобыльскага шляху», паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі прафесар Юрый Хадыка 20 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У прыватнасці, улады дазволілі правесці шэсце па вул. Сурганава па ходніках, а не па першай паласе праезнай часткі. «Нам растлумачылі, што гэта будзе перашкаджаць руху транспарту, хаця тыя ж тралейбусы могуць спакойна ехаць і па другой паласе. Лічу, наадварот, вялікай колькасці людзі будзе складана перамяшчацца па ходніках у вечаровы час, калі людзі ідуць з працы, асабліва каля транспартных прыпынкаў», – сказаў Хадыка.

Акрамя таго, адзначыў ён, аргкамітэт хацеў атрымаць ад уладаў гарантыі, што гукаўзмацняльная апаратура гэтым разам не будзе арыштаваная. «Дакладных гарантыяў мы не атрымалі, хаця доўга размаўлялі з намеснікам начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігарам Яўсеевым. Ад яго прагучала толькі вусная дамоўленасць, што калі ўсе паперы будуць аформленыя правільна, ніхто апаратуры не кране», — паведаміў Хадыка.

Сёння ж у Менгарвыканкаме заяўніку акцыі прапанавалі падпісаць паперу аб правядзенні прафілактычнай гутаркі з мэтаю недапушчальнасці парушэння заканадаўства падчас масавай акцыі. У выканкаме не далі гарантыяў таго, што апаратура не будзе арыштаваная, таму Хадыка яе падпісаць адмовіўся. «Улада ўмее толькі выстаўляць нейкія патрабаванні, яна не хоча ні ў якой форме ісці насустрач грамадзянскай супольнасці нават у такі дзень, як чарговая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У выніку ў мяне няма ўпэўненасці, што мітынг удасца правесці нармальна», – падкрэсліў ён.

Астатнія заяўнікі акцыі – прадстаўніца ГА «Экадом» і грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная – гэта злачынства» Таццяна Новікава, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі і намеснік старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка – пад дакументам аб правядзенні прафілактычнай гутаркі падпісаліся.

belsat.eu

Стужка навінаў