Севярынец стаў на шлях «вельмі цвёрдага выпраўлення»


19 красавіка прыйшоў тэрмін, калі яго могуць вызваліць умоўна-датэрмінова.

Аднаго з сустаршыняў аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Паўла Севярынца пакуль не вызвалілі.

«Паводле супрацоўнікаў спецкамендатуры Купліна, я стаў на шлях «цвёрдага-цвёрдага і вельмі цвёрдага выпраўлення». Я адбыў палову тэрміну. Але ў маёй сітуацыі дзеюць не законы, а загады. Загаду няма, ніякіх рухаў няма», – паведаміў Севярынец.

Пры гэтым ён адзначыў, што вызваліць яго могуць у любы дзень. «Калі будзе загад – то ў любы момант засядае адміністрацыйная камісія, суд, і мяне могуць цягам гадзіны проста выкінуць за межы спецкамендатуры», – патлумачыў вязень.

«Як правіла, камісія наконт умоўна-датэрміновага вызвалення збіраецца напрыканцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а некалькі такіх справаў. Справа аб УДВ у дачыненні мяне можа быць разгледжаная, а можа і не быць», – кажа Севярынец.

16 траўня 2011 г. Паўла Севярынца, які падчас выбараў 2010 г. кіраваў выбарчым штабам кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, суд Заводскага раёну Менску прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці.

belsat.eu

Стужка навінаў