«Чарнобыльскі шлях–2012» дазволілі ў поўным аб’ёме


Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Паводле яго, сёння раніцаю заяўнікі акцыі наведалі Менгарвыканкам, дзе ім уручылі пісьмовы дазвол на правядзенне ў сталіцы 26 красавіка гэтай штогадовай акцыі. Арганізатары абмеркавалі з прадстаўнікамі сталічнай адміністрацыі тэхнічныя пытанні, звязаныя з правядзеннем шэсця і мітынгу.

Заяўку на правядзенне акцыі падалі 10 красавіка. Арганізатары прасілі дазволіць шэсце з 18:30 да 19:30 ад будынку Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук па вул. Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе яны маюць намер правесці гадзінны жалобны мітынг. Скончыць акцыю плануецца ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абразу Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам.

Раней Дзяніс Садоўскі папярэджваў: “Аргкамітэт узгодніць маршрут, расцяжкі. Усе іншыя арганізацыі, якія будуць прапагандаваць ідэі, не ўзгодненыя з аргкамітэтам, мы будзем расцэньваць як правакацыі. І безумоўна, як і ахова “Чарнобыльскага шляху”, гэтак і міліцыя мусяць зрабіць адпаведныя захады”.

Раней арганізатары «Чарнобыльскага шляху–2012» заяўлялі, што маюць намер правесці яго «пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС». Акрамя экалагічнай тэмы на «Чарнобыльскім шляху» будуць падымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх – вызваленне палітвязняў.

Заяўку на правядзенне альтэрнатыўнага «Чарнобыльскага шляху–2012» – велапрабегу – падалі 30 сакавіка прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя”. Яны заявілі, што расчараваліся ў традыцыйным фармаце акцыі.

«Чарнобыльскі шлях» праводзіцца штогод з 1988 г. у Менску ў фармаце шэсця, якое сканчаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выключэнне склаў 2011 г., калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

belsat.eu

Стужка навінаў