Зелянкоўскі: Сапраўдная беларуская мова – гэта трасянка


У тым, што беларуская мова сёння ў цяжкім становішчы, кіраўнік праекту «Заходняя Русь» Ігар Зелянкоўскі вінаваціць… адраджэнцаў 1920-х і 1990-х гг. А сапраўднаю беларусізацыяй займаліся заходнерусісты, упэўнены ён.

«Пасля атрымання незалежнасці ў Беларусі быў вялікі ўхіл у нацыяналізм, калі адсякалася ўсё, што звязвала беларусаў з рускім светам. Усё-такі беларусы належаць да вялікай рускай цывілізацыі ды ўнеслі ў яе велізарны ўклад. Напрыклад, першая азбука рускай мовы была складзеная Сімяонам Полацкім. У той жа час мы лічым, што трэба беражліва ставіцца да беларускай мовы. Мы багатыя: у нас дзве родныя мовы – вось нашая пазіцыя», – заявіў Ігар Зелянкоўскі 18 красавіка на заключным паседжанні першай канферэнцыі памяці Ігара Аржэхоўскага «Заходнерусізм: мінулае і сучаснае» ў Менску.

На думку Зелянкоўскага, беларуская мова цяпер у цяжкім становішчы. Ён лічыць яе «загубленай» у працэсе беларусізацыі 1920-х гг. і часткова 1990-х. «Сапраўдная беларуская мова была выштурхнутая на задворкі пад назваю трасянка. Насамрэч сапраўдная беларуская мова – гэта і ёсць трасянка, але яна не атрымала развіцця. А літаратурная беларуская мова шмат у чым штучная, бо ў яе ў 1920-я гады прыўнеслі шмат польскіх словаў», – адзначыў Зелянкоўскі.

Ён упэўнены, што для развіцця беларускай мовы трэба вярнуцца да вытокаў, а менавіта да трасянкі. «Трэба прыўнесці трасянку ў літаратурную беларускую мову. Чаму такая масавая адмова ад беларускай літаратурнай мовы? Выхадцы з вёскі, якія размаўлялі на беларускай мове, пераязджаючы ў горад, выбіраюць расейскую мову, бо яна ім больш зразумелая, чымся літаратурная беларуская. Расейская мова фармавалася цягам стагоддзяў у тым ліку з дапамогаю так званай старабеларускай мовы, на якой напісаныя Статуты ВКЛ. Калі беларускую літаратурную мову ачысціць ад паланізмаў і наблізіць яе да трасянкі, яна не знікне. Не трэба баяцца роднасці беларускай мовы з расейскаю», – падкрэсліў Зелянкоўскі, параўнаўшы першую з архангельскай і паволжскаю гаворкамі.

Заходнерусізм — навукова-грамадскі рух на беларускай і ўкраінскай землях, якія мелі агульную гістарычна-геаграфічную назву «Заходняя Русь». Беларускія заходнерусісты мяркуюць, што беларусы – самабытная частка рускага народу і могуць паўнацэнна існаваць ды развіваць сваю культуру толькі ў лоне рускай цывілізацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў