Яўген Прэйгерман у «Гарачым каментары»


Дыпламатычная вайна паміж Менскам і Бруселем дае рэальныя наступствы для эканомікі. У адказ на санкцыі Беларусь стварае праблемы для еўрапейскага транзіту.

Міністэрства транспарту Літвы раіць перавозчыкам грузаў нелітоўскага паходжання абмінаць Беларусь. Прычына – узмацненне праверак на беларуска-літоўскай мяжы, праз што дзясяткі цяжкавікоў затрыманыя на нявызначаны час. Гэта пераважна грузы, што едуць у Расею.

Эканаміст кажа, што толькі з транзіту Беларусь мае 2 млрд долараў штогод, а паводле планаў ураду ў 2015 г. гэты аб’ём павялічыцца на чвэрць.

“Аднак партнёры бачаць, што існуюць рызыкі супрацы з Беларуссю, што вынікае з нашых не зусім цывілізаваных стандартаў. Праўда, на транзіт аўтамабільным транспартам у нас прыпадае 6–8 %. То бок, гэта з аднаго боку лічбы не крытычныя, а з другога боку, калі ў нас столькі праблемаў, то нават гэтая колькасць вельмі важная. І да таго ж, калі ўзнікаюць падобныя пытанні, цяжка прадказаць, як адрэагуюць нашыя партнёры ў іншых відах транзіту”, – падкрэсліў Яўген Прэйгерман.

Выглядае, што ўлады Беларусі спрабуюць гэткім чынам напужаць літоўцаў, каб тыя выступілі супраць эканамічных санкцыяў.

“Я думаю, што Менск не можа пайсці на больш радыкальныя захады, бо гэта найперш ударыць па беларускай эканоміцы. Мы ведаем, што толькі з гандлю з Еўразвязам летась мелі прыбытак 7 млрд долараў. Калі ж гэта ўсё зацягнецца і будуць дзеянні ў адказ з боку Еўропы, то паўстане вялікая праблема. Але, найхутчэй, гэта такая тактычная гульня, і праз тыдзень-другі ўсё мае вярнуцца да нармальных дачыненняў”, – кажа спадар Прэйгерман.

belsat.eu

Стужка навінаў