Вялікі канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» 22 красавіка ў Варшаве (абноўлена)




Вялікі канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» адбудзецца ў Варшаве 22 красавіка а 19:00 на плошчы Дэфіляд, што ў самым сэрцы гораду, побач з Палацам культуры і навукі (каля станцыі метро «Centrum»). На сцэну выйдуць беларускія і польскія выканаўцы, а таксама палітыкі, якія падтрымалі акцыю. Канцэрт ладзіць ініцыятыва «Вольная Беларусь», ўлады Варшавы і газета «Stołeczna estrada». Акцыю інфармацыйна падтрымаў тэлеканал «Белсат».

Арганізатары канцэрту заяўляюць: «Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» пакрыху становіцца варшаўскаю традыцыяй – ужо сёмы раз «Вольная Беларусь» арганізоўвае гэтую імпрэзу. Ад 2006 г. мы выказваем нязгоду з стаўленнем да дзеячаў апазіцыі, а таксама да людзей, якія бароняць сваю культуру і традыцыі. Асабліва ў святле апошніх падзеяў за ўсходняю мяжою – выгнанне амбасадараў краін Еўрапейскага Звязу і чарговыя смяротныя прысуды – мы хочам падтрымаць нашых суседзяў».

На сцэну «Салідарных» выйдуць вядомыя палітыкі, а цудоўнаю музыкаю пацешаць польскія і беларускія гурты. Сярод беларускіх выканаўцаў – Vinsent, «Recha» і Зміцер Вайцюшкевіч з «WZ-Orkiestra», а Польшчу прэзентуюць гурты «R.U.T.A.», а таксама «Vavamuffin», «Maleo Reggae Rockers» i «Habakuk».

«Салідарныя з Беларуссю» – гэта серыя канцэртаў пад адкрытым небам ды іншых імпрэзаў, што адбываюцца паралельна з імі. Мэта – прамоцыя беларускай дэмакратычнай справы ў Польшчы і за яе межамі.

Арганізатары падкрэсліваюць: «Ад першай акцыі ў 2006 г. сітуацыя за нашаю ўсходняю мяжою не змянілася, а ў некаторых аспектах нават пагоршылася. Сёлета ў сакавіку суд, які падпарадкаваны Лукашэнку, прысудзіў чарговым людзям стрэл у галаву. Усё больш апазіцыйных дзеячаў не могуць выехаць за мяжу. Крытыкаў «прэзідэнта» гадамі пераследуюць, пужаюць, выкідаюць з працы і навучальных установаў, у якасці пакарання скіроўваюць у войска, абвінавачваюць на абсурдных працэсах. Беларусь ізалюецца ад свету, дыялог з Еўропаю – чыстая фікцыя, а звычайны візіт у гэтую краіну патрабуе дарагой візы і асабістага запрашэння. Мы разам хочам сказаць Лукашэнку “Не” і паказаць, што мы салідарныя з Беларуссю».

Варшаўскі канцэрт завершыць серыю музычных імпрэзаў, што адбыліся ў Гданьску, Шчэціне і Вроцлаве.

Сайт канцэрту «Салідарныя з Беларуссю».

Стужка навінаў