Кузняцоў: Рассакрэціць інфармацыю часоў СССР стане складаней


Сакрэтная інфармацыя савецкіх часоў будзе разглядацца паводле новых правілаў. Адпаведную дамову ратыфікавала Палата прадстаўнікоў.

Згодна з старшынём КДБ Вадзімам Зайцавам, дакумент быў падпісаны 18 кастрычніка 2011 г. у Санкт-Пецярбурзе. У дамове аб пераглядзе сакрэтнасці звестак, засакрэчаных у перыяд існавання СССР, даюцца азначэнні тэрмінам “грыф сакрэтнасці”, “носьбіты сакрэтных звестак”, “перагляд сакрэтнасці звестак”.

Згодна з дамоваю, раскрыццё таемнасці носьбітаў сакрэтнай інфармацыі будзе ажыццяўляцца паводле ўзаемнай згоды кампетэнтных органаў, пры гэты дзяржава мае права самастойна прымаць рашэнні аб рассакрэчванні звестак, якія не закранаюць інтарэсаў іншых дзяржаваў. Спрэчныя пытанні, звязаныя з тлумачэннем дамовы, будуць вырашацца шляхам кансультацыяў і перамоваў паміж зацікаўленымі бакамі.

Гісторык Ігар Кузняцоў лічыць, што дамова толькі ўскладняе працэдуру рассакрэчвання інфармацыі часоў СССР. “Калі раней кампетэнтныя органы самі прымалі рашэнне аб рассакрэчванні, то цяпер яны мусяць узгадняць рашэнне з Расеяй, што павялічыць час разгляду справаў аб рассакрэчванні. У беларускага боку з’явіцца новая адгаворка не рассакрэчваць інфармацыю: маўляў, расейскі бок не дазваляе. Мяркую, што з прыняццем дамовы пачнецца казуістыка ў гэтым пытанні. Раней было відавочна, што інфармацыю не рассакрэчваюць з волі нашага кіраўніцтва, а цяпер будуць ківаць на Расею”, – гаворыць эксперт.

У новаўвядзенні гісторык бачыць адзін плюс. “Можна будзе прасіць тлумачэння ў беларускіх органаў: чаму адна і тая ж інфармацыя ў Расеі была рассакрэчаная яшчэ ў 1990-я гг., а ў нас дасюль застаецца пад грыфам “Сакрэтна”, – кажа Ігар Кузняцоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары