Моладзь дасць прыклад палітычным партыям


Лідары незалежных моладзевых арганізацыяў абвесцілі пра пачатак кампаніі “Ігнор-2012”.

У адмысловай прэсавай канферэнцыі ўзялі ўдзел лідар ініцыятывы “Zмена” Павел Вінаградаў, намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка, лідар моладзевага крыла “Еўрапейскай Беларусі” Сяргей Казакоў, лідар моладзі БХД Марына Хоміч, старшыня “Маладых дэмакратаў” Алег Корбан і старшыня “Маладой грамады” Юлія Міцкевіч.

Маладзёны падкрэсліваюць: паколькі кіраўнікі палітычных партыяў дагэтуль не могуць прыйсці да згоды, яны ствараюць адзіную платформу моладзевых арганізацыяў. Паводле Міколы Дземідзенкі, гэткі крок мае паказаць прыклад палітычным партыям і падштурхнуць іх да аб’яднання.

“Большая частка палітычных партыяў і значных арганізацыяў не могуць дамовіцца пра агульную стратэгію да парламенцкіх выбараў. Таму мы, моладзь, вырашылі першымі прадэманстраваць сваю еднасць, сваю грамадскую пазіцыю, тое, што ў Беларусі ёсць палітычныя сілы, якія здольныя разам працаваць і дасягаць якаснага выніку”, – кажа Дземідзенка.

Паводле Паўла Вінаградава, кампанія “Ігнор-2012” будзе мець перадусім сатырычны характар, бо большасць палітычных сілаў, у тым ліку і моладзевых арганізацыяў, выступае за байкот.

Разам з гэтым актывісты падкрэсліваюць: галоўнаю мэтаю ўсіх палітычных кампаніяў мусіць заставацца вызваленне ўсіх палітзняволеных.

belsat.eu

Стужка навінаў