80-гадовы пенсіянер прапанаваў цыганкам секс, а тыя абакралі яго і ўцяклі


Здарэнне мела месца яшчэ напачатку лютага. Смуглыя жанчыны 30-35 гадоў хадзілі па аднаму са шматкватэрных дамоў Вялейкі і прапаноўвалі купіць у іх пасцельныя прыналежнасці. Гаспадары кватэраў не спяшаліся пускаць гандлярак неславянскай знешнасці.

У выніку жанчынам адчыніў дзверы адзін з жыхароў, мужчына каля 80 гадоў. Ён зацікавіўся прапановай і запрасіў іх да сябе. Азнаёміўшыся з асартыментам і выбраўшы коўдру і падушкі, мужчына пагадзіўся купіць іх за 300 рублёў. Разам з жанчынамі ён прайшоў у спальню, дзе з кішэні паліто дастаў пачак 50-рублёвых купюраў і паабяцаў, што яны змогуць зарабіць яшчэ больш, калі задаволяць яго сексуальныя фантазіі.

Адна з гандлярак пагадзілася на прапанову і пацікавілася, дзе ванны пакой. Яна паскардзілася мужчыне, што ў кране няма гарачай вады. Пенсіянер пайшоў вырашаць праблему, а калі вярнуўся ў пакой, госцяў не было.

Ён падумаў, што іншыя сышлі каб не перашкаджаць. Аднак калі дзяўчына не пабачыла сваіх сябровак, заявіла, што сам-насам з мужчынам у кватэры не застанецца. Яна апранулася і выйшла.

«Пенсіянер не моцна знерваваўся, бо не быў упэўнены, што ў іх нешта атрымаецца. Праз некаторы час, западозрыўшы няладнае, мужчына кінуўся да шафы: 2000 рублёў у кішэні паліто – як не было», – паведамляе міліцыя Менскай вобласці.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку апыталі пацярпелага і іншых жыхароў. Усе сыходзіліся на думцы, што жанчынам 30-35 гадоў і яны вельмі падобныя да цыганак. Жанчыны карысталіся аўтам падобным да «Пежо-806».

Жанчын шукаюць. Скантактавацца з праваахоўнікамі можна па нумарах: 8 017 229 06 87 8 025 774 11 58.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў