Ці даваць лютаўскую частку крэдыту ЕўрАзЭС, вырашаць у траўні


«Думаю, пытанне будзе вырашанае станоўча», – заявіў журналістам першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын 19 красавіка ў Менску.

Пытанне аб выдзяленні Беларусі новых траншаў крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС будзе разглядацца напрыканцы траўня ў Астане на паседжанні міністраў фінансаў краінаў СНД і паседжанні рады фонду.

Уладзімір Амарын паведаміў, што ўмовы выдзялення чарговых траншаў «вызначаныя праграмай антыкрызісных захадаў уладаў Беларусі, і яны выкананыя». Прычыны затрымкі ў выдзяленні новых траншаў крэдыту чыноўнік назваў «арганізацыйнымі». «Адбыліся змены ў кіраўніцтве фонду, памяняўся міністр фінансаў Расеі», – растлумачыў ён.

Амарын таксама адзначыў, што абавязацельствы Беларусі наконт прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці на 2,5 млрд долараў не змяніліся. Паводле яго, фонд не патрабуе ад Беларусі адпаведнага спісу прадпрыемстваў.

Рада фонду 4 чэрвеня 2011 г. ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту на 3 млрд долараў на падтрыманне стабілізацыйнай праграмы ўраду краіны. У 2011 г. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) пералічыў дзве траншы крэдыту: 800 і 440 млн долараў.

У адпаведнасці з зацверджаным раней планам трэцяя транша памерам 440 млн долараў мусіла быць выдзеленая Беларусі не пазней за 28 лютага 2012 г. У студзені эксперты ЕАБР пачалі перамовы з уладамі Беларусі для ўдакладнення стабілізацыйнай праграмы ў межах фінансавага падтрымання фонду. Менск планаваў завяршыць перамовы наконт трэцяй траншы крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС да 22 лютага.

belsat.eu

Стужка навінаў