Славацкі міністр: Менш гаварыце пра амбасадараў – і яны вернуцца


Міністр замежных справаў Славаччыны Міраслаў Лайчак мяркуе, што чым менш медыі ды палітыкі будуць акцэнтаваць увагу на вяртанні амбасадараў, «тым лепш для таго, чаго мы хочам дасягнуць у Беларусі».

«Прыйшоў час вяртацца амбасадарам, бо нам трэба, каб яны выконвалі сваю працу, – заявіў Міраслаў Лайчак увечары 18 красавіка ў Бруселі. – Яны не павінны быць часткаю палітычнай спрэчкі паміж Еўразвязам і Беларуссю». Ён выказаў меркаванне, што дыпламаты вернуцца цягам бліжэйшых дзён.

Міністр падкрэсліў, што Еўразвяз праявіў велікадушнасць, пакінуўшы ў сваіх краінах беларускіх амбасадараў: «Гэтым мы хацелі прадэманстраваць, што не зацікаўленыя ў эскалацыі сітуацыі».

Усе амбасадары краінаў Еўразвязу пакінулі Менск у канцы лютага – пачатку сакавіка пасля дыпламатычнага канфлікту паміж Менскам і Бруселем. Канфлікт разгарэўся пасля лютаўскага рашэння Рады міністраў ЕЗ пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Улады Беларусі ў адказ рэкамендавалі кіраўніцы прадстаўніцтва ЕЗ і амбасадару Польшчы выехаць у свае краіны для кансультацыяў. На знак салідарнасці з Беларусі з’ехалі ўсе еўрапейскія паслы.

30 сакавіка «ЕUobserver» паведаміў, што амбасадары ўсе разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандр Лукашэнка за гэты час не зробіць якіх-небудзь рэзкіх крокаў».

Аднак 5 красавіка Лукашэнка заявіў, што пытанне пра вяртанне дыпламатаў будзе разглядацца ў персанальным парадку. 17 красавіка ў інтэрв’ю дзяржаўным медыям кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей назваў «поўным абсурдам» меркаванні пра тое, што, выпусціўшы экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і чальца ягонай каманды Змітра Бандарэнку, улады краіны ствараюць умовы для вяртання амбасадараў краінаў Еўразвязу ў Менск.

belsat.eu

Стужка навінаў