Расея абяцае Беларусі бясплатную ваенную дапамогу


А льготныя пастаўкі зенітна-ракетных комплексаў працягнуцца. «Нас трывожыць не толькі актывізацыя дзейнасці НАТО каля межаў Саюзнай дзяржавы, але і планы ЗША ды іншых чальцоў альянсу наконт разгортвання элементаў ПРА ў Еўропе», – падкрэсліў міністр абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў.

Беларускае і расейскае абаронныя ведамствы ўдакладнілі падыходы да функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў і стварэння адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (АРС СПА). Пра гэта паведаміў міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін па выніках супольнай калегіі, што прайшла 18 красавіка ў Менску.

Чальцы калегіі абмяркоўвалі, як рэгіянальная групоўка войскаў (РГВ) забяспечваецца тэхнікай і як зрабіць больш эфектыўным топагеадэзічнае і навігацыйнае забеспячэнне. Яны таксама падвялі вынікі дзеяння супольнай сістэмы сувязі РГВ.

Калегія таксама абмеркавала, як рэалізоўвалася двухбаковае пагадненне аб супольнай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні АРС СПА.

Міністр нагадаў, што гэтымі днямі праходзяць супольныя расейска-беларускія батальённыя вучэнні сілаў спецыяльных аперацыяў і Паветрана-дэсантных войскаў на тэрыторыі палігону Гожскі. У верасні на тэрыторыі Арменіі адбудуцца супольныя вучэнні «Узаемадзеянне-2012» з удзелам Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання АДКБ. Распачалося рыхтаванне да супольных стратэгічных вучэнняў «Захад-2013», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.

Анатоль Сердзюкоў у сваю чаргу заявіў, што Расея працягне забяспечваць Беларусь зброяй і тэхнікаю, рыхтаваць ваенныя кадры, у тым ліку на бязвыплатнай аснове. «Паводле аб’ёмаў закупак расейскага ўзбраення і ваеннай тэхнікі Беларусь – лідар сярод дзяржаваў СНД, – зазначыў міністр. – У 2012 годзе Расея працягне льготную пастаўку ў Беларусь зенітных ракетных комплексаў «ТОР-М2».

belsat.eu

Стужка навінаў