Міжнародныя арганізацыі выступілі з супольнаю заявай аб Беларусі


Ініцыятарам стаў польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі, пра што стала вядома з ягонага афіцыйнага сайту.

У дакуменце падкрэсліваецца, што нягледзячы на вызваленне экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава і чальца ягонай выбарчай каманды Змітра Бандарэнкі, за кратамі застаюцца яшчэ 13 палітзняволеных.

“Мы ўпэўненыя, што судовыя працэсы па крымінальных справах палітычных вязняў не адпавядалі міжнародным стандартам у галіне справядлівага суда, а выракі – палітычна матываваныя. Мы выказваем занепакоенасць лёсам гэтых беларускіх апазіцыйных палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў”, – гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі дэпутат бундэстагу Марылюізэ Бэк (Marieluise Beck), адмысловы спавяшчальнік ПАРЕ ў справе Беларусі Андрэс Хэркель (Andres Herkel), прадстаўнікі Маскоўскай Хельсінскай групы, Libereco – Partnership for Human Rights (Нямеччына, Швейцарыя), Free Belarus Now і Free Belarus Theatre (Велікабрытанія), ініцыятыва “Мы памятаем” (Галандыя) і шмат іншых.

На думку палітолага Андрэя Фёдарава, супольную заяву можна лічыць прыгожым крокам салідарнасці, які, на жаль, не здолее паўплываць на палітыку Беларусі. “Заява сведчыць пра тое, што пра беларускіх палітзняволеных памятаюць і намагаюцца іх вызваліць, але каб выклікаць рэальныя дзеянні беларускага боку, неабходныя большыя высілкі. Еўрапейскія палітыкі ды арганізацыі неаднаразова рабілі заявы ў справе беларускіх палітвязняў, але, як бачым, працэс пачаў крыху рухацца толькі апошнім часам. Вызваленне Саннікава і Бандарэнкі можна лічыць вынікам агульнага ціску на Беларусь, бо афіцыйны Менск пабаяўся трапіць у поўную залежнасць ад Масквы, страціўшы ўсіх партнёраў у Еўропе,” – адзначае палітолаг.

Андрэй Фёдараў упэўнены, што паспрыяць вызваленню Еўразвяз можа толькі з дапамогаю дыпламатычных крокаў. “Эканамічныя санкцыі толькі падштурхнуць Беларусь да больш шчыльнай супрацы з Расеяй, адкуль краіна ўжо не здолее выкараскацца”, – адзначыў палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары