Андрэй Ягораў у "Гарачым каментары"


Мода на рэйтынгі дакацілася нарэшце і да беларускага кіроўнага істэблішменту. Урад цяпер замест вымоваў або прэміяў будзе чыноўнікаў рэйтынгаваць.

Паводле пастановы прэм’ер-міністра, рэйтынгавая ацэнка дзейнасці цяпер мае быць для дзяржслужбоўцаў асноўнаю. Яна датычыць як чыноўнікаў вертыкалі, гэтак і міністэрстваў, а таксама іншых арганізацыяў, якія падпарадкоўваюцца Савету Міністраў. Для кожнага чыноўніка рэйтынг мае складацца з асобных крытэраў. Дзякуючым ім урад мае намер зрабіць працу чыноўнікаў больш эфектыўнаю.

Паводле старшыні Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, новая сістэмы ацэнкі працы чыноўнікаў будзе больш персаніфікаваная. То бок кіраўнікі будуць несці асабістую адказнасць за працу ўсёй структуры.

“Гэта не рэформа ў поўным сэнсе гэтага слова. Гэта нейкія новыя адміністрацыйныя захады дзеля ўзмацнення адказнасці кіраўнікоў. Палепшыць працу дзяржапарату спрабуюць адміністрацыйнымі метадамі. Вядома, гэта не працуе, спрабуюць знайсці нейкія новыя выйсці, ды заўсёды ўсё выліваецца ў закручванне дадатковых гаек. На кіраўнікоў спрабуюць ускласці дадатковыя абавязкі ды ўскладніць іхную працу. Але без нармальнай рэформы якасных зменаў не будзе”, – упэўнены Андрэй Ягораў.

Паводле адмыслоўца, кіраўнікі дзяржапаратаў будуць ціснуць на падначаленых, а калі тыя не дадуць рады з падвышэннем сваіх рэйтынгаў, выкарыстаюць інструмент прыпісак, які застаецца адною з галоўных праблемаў беларускай бюракратыі.

“Як цяпер дзяржапарат закрыты ад грамадскага кантролю, такім ён і застанецца. А гэтыя ацэнкі будуць выкарыстоўвацца, каб узмацніць адміністратыўны прымус зверху. Каб уладу наблізіць да грамадзянаў, трэба дэцэнтралізаваць дзяржапарат, увесці транспарэнтнасць, элементы электроннага кіравання і гэтак далей. Гэтага не робіцца, а шукаюцца цэнтралізаваныя захады дзеля ўзмацненні логікі працы”, – кажа Ягораў.

belsat.eu

Стужка навінаў