Еўразвяз аднаўляе палац у Паставах


Пачалася рэстаўрацыя палацу Тызенгаўзаў, пабудаванага ў XVIII стагоддзі.

Летась Паставы разам з літоўскім горадам Рокішкіс выйгралі супольны грант у праграме Міжнароднай транспамежнай супрацы “Латвія–Літва–Беларусь”. Гарады аб’ядноўвае агульная спадчына Тызенгаўзаў – палацы, што стаяць у іх, амаль аднолькавыя. Беларускаму боку вылучылі 250 тысяч еўраў на ўвекавечванне памяці Тызенгаўзаў.

Як расказалі ў Пастаўскім райвыканкаме, цяпер аднаўляюць сутарэнні палацу. У іх плануецца размясціць арніталагічны музей, бо Антоній Тызенгаўз быў выдатным арнітолагам свайго часу. У музеі ўсталююць скульптуры Тызенгаўза, архітэктара палацу, чучалы птушак. Таксама плануецца сфармаваць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі кавалерыйскай школы, якая працяглы час базавалася ў Паставах.

Згодна з палажэннем аб супрацы, з бюджэту Пастаўскага раёну на рэстаўрацыю выдаткуюць 25 тысяч еўраў.

Праект плануецца завершыць да 2013 года, ён прадугледжвае распрацоўванне супольнай беларуска-літоўскай экспазіцыі ды новых турыстычных маршрутаў.

belsat.eu

Стужка навінаў