Змітра Бандарэнку паставілі на прафілактычны ўлік


Бандарэнка паведаміў, што цягам двух гадоў на ім застанецца судзімасць. За ім усталююць “прафілактычнае назіранне”, якое азначае, што да яго дадому могуць прыходзіць працаўнікі міліцыі ды прыкладна раз на месяц запрашаць для прафілактычных гутарак.

“Увогуле, да мяне паставіліся карэктна. Я не мушу дапускаць парушэнняў заканадаўства, маю з’яўляцца па позвах у міліцыю. Увогуле, рабіць усё, што мусіць рабіць законапаслухмяны грамадзянін”, – паведаміў былы палітвязень.

Ён адзначыў, што за ім захоўваецца права выязджаць за межы Беларусі. “Аднак калі за межы Менску я паеду больш як на месяц, павінен загадзя паведаміць працаўнікам міліцыі”, – адзначыў палітык.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Бандарэнка быў адною з асноўных фігураў каманды кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава. Саннікава асудзілі ў справе аб масавых беспарадках 19 снежня, ён адбываў пакаранне, а 14 красавіка яго вызвалілі з калоніі “Віцьба-3” на ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Бандарэнку прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвострыліся хранічныя хваробы, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку.

Сёлета ў канцы студзеня Бандарэнку зрабілі больш жорсткія ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на жахлівы стан здароўя: абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у шэрагу і нават забаранілі карыстацца мыліцамі.

Сваякі ды праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні палітвязня як катаванні. Скарга з просьбаю расследаваць факты катаванняў Бандарэнкі накіраваная ў ААН.

Бандарэнку вызвалілі на ўказ прэзідэнта аб памілаванні 15 красавіка гэтага года.

belsat.eu
https://youtu.be/rAVKet-VY2g

Глядзі таксама
Каментары