Беларусь «адчыніць дзверы» ў Еўропу для нелегалаў і кантрабанды?


Ва ўмовах існавання санкцыяў з боку Еўрапейскага Звязу Беларусь пераглядае свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з краінамі ЕЗ. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН са спасылкаю на ананімную крыніцу ў Памежным камітэце.

Паводле крыніцы, улічваючы цяперашнюю сітуацыю і зыходзячы са сваіх магчымасцяў, беларускае памежнае ведамства пераходзіць да ажыццяўлення аховы мяжы (ад кантрабанды, нелегальнай міграцыі ды г. д.) паводле такога ж прынцыпу, якім кіруюцца краіны-суседзі. Гаворка ідзе пра тое, што прыярытэт будзе аддавацца кантролю за ўездам у Беларусь, тады як раней намаганні ў забеспячэнні памежнай бяспекі на ўезд і выезд былі размеркаваныя раўнамерна.

Ужо цяпер вядома, што для ўзмацнення аховы ўчастку мяжы з Украінаю дзеля перадухілення кантрабанды і напярэдадні футбольнага чэмпіянату «Еўра-2012» туды перакідваецца частка сілаў і сродкаў органаў памежнай службы з заходняга і паўночна-заходняга ўчасткаў мяжы.

«Такую рэч, як мяжа, палітызаваць небяспечна, але цяпер нас паставілі ў такія ўмовы. Любыя санкцыі ў першую чаргу адбіваюцца на мяжы. Раней мы вельмі шмат працы рабілі за нашых заходніх калегаў, якія дазваляюць сабе байкатаваць. Часта яны толькі атрымлівалі ад нас інфармацыю пра тое, што мы кагосьці не прапусцілі, перадухілілі ўвоз на іх тэрыторыю чагосьці. З санкцыямі яны трапілі ў сваю ж пастку. Бо цяпер пытанні бяспекі мяжы прыйдзецца пераглядаць з улікам нашых рэальных магчымасцяў і працаваць, як працуюць яны, – на ўезд. Пры гэтым, зразумела, свае пытанні бяспекі на мяжы на выезд з краіны памежнае ведамства будзе забяспечваць у поўным аб’ёме», – заявіла крыніца ў Памежным камітэце Беларусі.

Суразмоўца агенцтва таксама падкрэсліў, што менавіта ў краінах-суседзях створаныя такія ўмовы і магчымасці, дзякуючы якім «цікавая» кантрабанда з Беларусі, – напрыклад, паліва і тытунёвых вырабаў.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тэхнічныя аспекты аховы польскага ўчастку мяжы. Дзейная там з савецкіх часоў сістэма даўно вычарпала свае рэсурсы і патрабуе замены на больш сучасную, адзначыла крыніца. Толькі на яе ўтрыманне выдаткуецца 3 млрд руб. на год. Пры гэтым камплектавальных да такой сістэмы даўно не вырабляецца. Хоць, паводле суразмоўцы агенцтва, польскі бок гэтая шматпрофільная эшаланаваная сістэма цалкам задавальняе. Сама ж Польшча на мяжы з Беларуссю мае толькі «лёгкую» сістэму аховы.

belsat.eu

Стужка навінаў