Беларусь знішчыць «украінскі Байкал»?


Украінскае міністэрства экалогіі ды прыродных рэсурсаў заяўляе пра пагрозу абмялення і забруджвання Шацкіх азёраў у Валынской вобласці з-за распрацоўвання Хаціслаўскага крэйдавага кар’еру, што месціцца на тэрыторыі Беларусі. Здабычаю будзе займацца група кампаніяў «Трайпл», якою кіруе набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж.

Шацкія азёры называюць яшчэ «ўкраінскім Байкалам», гэта група з больш як 30 вадаёмаў, у тым ліку найвялікшае возера – Свіцязь. Яно ляжыць за 30 км ад азёраў, а гэта, на думку эколага, небяспечнае суседства. «Яго абмяленне можа адбыцца праз 10–15 гадоў з-за паніжэння ўзроўню грунтовых водаў, што насычаюць возера. Глыбіня Свіцязі – 50 м, а глыбіня Хаціслаўскага кар’еру павінна дасягнуць 40 м. Усе падземныя крыніцы ўзаемазвязаныя, і распрацоўванне кар’еру парушыць іх прыроднае цячэнне», – заявіў у інтэрв’ю газеце «Коммерсантъ Украина» першы намеснік начальніка Дзяржаўнага ўпраўлення аховы навакольнага асяроддзя Валынскай вобласці Аляксандр Раманюк.

Тым часам беларускае Міністэрства прыроды заяўляе, што ўкраінскі бок не выстаўляў афіцыйных прэтэнзіяў да Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс. На ягоную думку, пытанне «часам палітызуецца». Ён заявіў, што пры распрацоўванні Хаціслаўскага радовішча выконваюцца ўсе ўмовы, звязаныя з аховаю навакольнага асяроддзя. «Па вялікім рахунку, такой небяспекі, што знікнуць Шацкі азёры, няма», – адзначыў намеснік міністра. Пры гэтым Ліс не змог сказаць, на якой менавіта стадыі цяпер распрацоўванне радовішча крэйды, аднак запэўніў, што ўся нарматыўная дакументацыя мае праходзіць як дзяржаўную, так і экалагічную экспертызу.

belsat.eu
https://youtu.be/bRfSSsCB9-I

Глядзі таксама
Каментары