У Горадні змагаюцца за помнік Каліноўскаму, абяцаны ў 1989 г.


Актывісты гарадзенскай суполкі “Маладога фронту” распачалі збор подпісаў за ўвекавечванне памяці паўстання 1863 года.

У якасці месца для манументу яны прапаноўваюць пляцоўку ля Дому прафсаюзаў. Размешчаная побач былая дамініканская гімназія была адным з асяродкаў паўстання, а насупраць будынку ўстановы захаваўся “Дом Фукса”, дзе неаднаразова бываў Кастусь Каліноўскі.

“Будучы год – юбілейны для паўстання, таму хочацца разварушыць чыноўнікаў, а таксама абудзіць неабыякавых да мінуўшчыны гарадзенцаў. Тым больш што постаць Каліноўскага не страчвае сваёй актуальнасці”, – распавёў кіраўнік арганізацыі Алесь Кіркевіч.

Актывіст адзначае, што ўсталяваць помнік і дзве памятныя табліцы ў гонар паўстання збіраліся яшчэ ў 1989 годзе – на адпаведнае рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму. Але з запланаванага з’явілася толькі адна табліца, якая да рамонту вісела на будынку чыгуначнага вакзалу.

Мясцовыя арганізацыі “МФ” яшчэ ў 90-я гады рабілі спробы дамагчыся ад чыноўнікаў выканання рашэння.

belsat.eu

Стужка навінаў