Любімая чыноўніца журналістаў пайшла на павышэнне


Надзея Каткавец будзе працаваць у Еўразійскай эканамічнай камісіі.

“Па выніках праведзенага конкурсу на паседжанні калегіі разгледзелі ды ўхвалілі кандыдатуру на пасаду дырэктара Дэпартаменту аграпрамысловага комплексу Надзеі Каткавец, якая раней займала пасаду першай намесніцы міністра сельскай гаспадаркі ды харчавання Рэспублікі Беларусь”, – паведамляецца на сайце камісіі Мытнага звязу.

Інфармацыя пра імаверны пераход Каткавец на іншую працу з’явілася 19 сакавіка на некаторых інтэрнэт-рэсурсах. Паведамлялася, у прыватнасці, што Надзею Каткавец перавядуць у Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК), размешчаную ў Маскве.

Нагадаем, летась у снежні чальцом калегіі ЕЭК прызначылі былога прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, які адказвае ў камісіі за працу прамысловасці ды аграпрамысловага комплексу.

Камісія пачала працу сёлета 1 студзеня, аднак вялікую частку сваіх функцыяў яна атрымае 1 ліпеня. ЕЭК складаецца з савету і калегіі. У савет уваходзяць па адным віцэ-прэм’еры ад ураду кожнай краіны-чальца Адзінай эканамічнай прасторы (Беларусь, Казахстан, Расея); у склад калегіі – па тры прадстаўнікі кожнага боку.

Надзею Каткавец прызначылі намесніцаю міністра сельскай гаспадаркі ды харчавання Беларусі ў 2003 годзе, у 2004-м – першаю намесніцаю міністра. За свае выказванні на прэс-канферэнцыях яна стала ўлюбёнкаю журналістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў