Шушкевіч: Дзякуючы санкцыям вызвалілі Бандарэнку і Саннікава


Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што Еўразвяз і ЗША мусяць працягнуць сённяшнюю палітыку ў дачыненні афіцыйнага Менску і што нельга адмаўляцца ад санкцыяў. “Калі ёсць нейкае эфектыўнае дзеянне, то чаму яго трэба змяняць? У нас яшчэ так шмат палітзняволеных, і яны сядзяць без усялякай віны, іх трэба вызваліць. Іншага ўздзеяння, чым санкцыі, я не ведаю”, – заявіў палітык у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Шушкевіч падкрэслівае, што палітыка санкцыяў эфектыўная. “Толькі дзякуючы санкцыям вызваленыя Бандарэнка і Саннікаў”, – заявіў суразмоўца.

23 сакавіка Рада міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу пастанавіла ўвесці санкцыі ў дачыненні 29 кампаніяў, якія належаць тром звязаным з рэжымам Лукашэнкі бізнесоўцам, а таксама далучыць да спісу неўязных яшчэ 12 асобаў.

Станіслаў Шушкевіч падкрэслівае, што афіцыйны Менск мусіць зрабіць яшчэ пэўныя крокі, каб санкцыі былі скасаваныя. “Гандаль трэба скончыць. Трэба вызваліць усіх палітзняволеных, і яны маюць быць цалкам рэабілітаваныя, адноўленыя ва ўсіх правах. Хопіць гэтых неканструктыўных дзеянняў кшталту забароны выезду. Расея таксама гэтага не падтрымлівае”, – дадаў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў