Лукашэнка рыхтуе беларусаў да прыватызацыі?


Пасланне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, раней запланаванае на 19 красавіка, перанеслі на больш позні тэрмін. Кіраўнік краіны даручыў перапрацаваць шэраг палажэнняў паслання – сярод іншага, тыя, што закранаюць прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці, а таксама замежнапалітычны курс краіны.

Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі. Кіраўнік дзяржавы адхіліў праект паслання, падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі, і адправіў яго на дапрацаванне. Павел Лёгкі не змог адказаць, на які тэрмін перанеслі пасланне.

Кіраўнік дзяржавы, сярод іншага, “даручыў улічыць у праекце звароту шэраг прынцыповых момантаў: недапушчальнасць залішне ліберальнага падыходу пры продажы дзяржаўнай уласнасці, катэгарычнае непрыманне так званай беспадстаўнай прыватызацыі, а таксама абавязковую і ўсёабдымную абарону інтарэсаў простых працаўнікоў і ўсіх шараговых грамадзянаў Беларусі падчас магчымай прыватызацыі прадпрыемстваў”.

У частцы, якая тычыцца замежнапалітычных падыходаў, прэзідэнт “выказаўся супраць залішне жорсткіх захадаў рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнёрамі”.

Нагадаем, нядаўна ў Лукашэнкі адбыліся пашыраныя нарады ў пытаннях прыватызацыі, а таксама замежнай палітыкі, падчас якіх ён зрабіў шэраг прынцыповых заяваў. “Любое прадпрыемства можа быць прыватызаванае. Любое, без выключэння. Але навошта цямніць? У нас да разраду стратэгічных адносілася такое прадпрыемства, як “Белтрансгаз”, яно было забароненае да прыватызацыі. Прыватызавалі? Прыватызавалі. Дык навошта нам зноў цень на пляцень наводзіць, каб потым выводзіць законам са спісу забароненых да прыватызацыі ды гэтак далей? Трэба раз і назаўсёды вызначыць: няма абвальнай прыватызацыі, яна носіць кропкавы характар, калі гэта трэба дзяржаве, і ўсе прадпрыемствы ў Беларусі могуць быць прыватызаваныя – пытанне толькі кошту”, – заявіў кіраўнік Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў