Прадпрымальнікі мусяць заплаціць «за крызіс»?


16 красавіка ў Гаспадарчым судзе Менскай вобласці працягнуўся разгляд пазоўных заяваў прадпрымальнікаў гандлёва-забаўляльнага комплексу “Экспабел” (“Верхні пасаж”), пазбаўленых з ініцыятывы арэндадаўцы ў асобе ЗАТ “ПанМаркет” права арандаваць гандлёвыя месцы.

“Сёння мы выклалі свае пазіцыі адказчыку, суду. Адказчык падаў свае пярэчанні ў пазоўнай заяве, якія мы падавалі другі раз. Яшчэ да пачатку судовага паседжання ён прапанаваў нам скласці дадатковае пагадненне з улікам змены з 1 красавіка заканадаўства. У прынцыпе, мы згодныя з коштам арэнды квадратнага метра, прапанаваным паводле гэтай дамовы, – ён трохі павялічыўся ў параўнанні з тым, што быў да крызісу”, – гаворыць Вячаслаў Піліпук з грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва”.

Аднак нязгоду і абурэнне прадпрымальнікаў выклікаюць іншыя патрабаванні арэндадаўцы. “Акцыянеры ЗАТ “ПанМаркет”, якія валодаюць гандлёва-забаўляльным комплексам “Экспабел”, хочуць прапанаваць нам кампенсаваць страты, якія яны панеслі ў выніку крызісу ў студзені – сакавіку 2012 г. Гэта нас не задавальняе, і мы выказалі суду сваю пазіцыю ў гэтым пытанні. Уся краіна сталася закладнікам той сітуацыі – абвалу рубля, валютнага крызісу, трохразовага падзення заробкаў і, адпаведна, пакупніцкай здольнасці. У сітуацыі форс-мажору аказалася ўсё насельніцтва краіны”, – зазначыў Піліпук.

Арэндадаўца, паводле бізнесоўцаў, пагрозамі ды шантажам прымусіў прадпрымальнікаў ГЦ “Экспабел” падпісаць дадатковае пагадненне да асноўнай дамовы арэнды, у адпаведнасці з якою кошт арэнды гандлёвага месца на 13 кв. метраў вырасце больш як утрая. ІП, якія адмовіліся падпісваць дадатковае пагадненне, атрымалі паведамленне аб скасаванні дамоваў арэнды, нягледзячы на тое, што тэрмін іх дзеяння заканчваецца ў 2014 г. За плошчу 12,6 кв. метраў прадпрымальнікаў змушаюць плаціць не 1,2 млн рублёў, а больш за 5 млн рублёў.

Стужка навінаў