Трыбунал у Страсбурзе прызнал растрэл у Катыні ваенным злачынствам


Еўрапейскі трыбунал правоў чалавека прызнаў расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні ваенным злачынствам. “Суд прыйшоў да высновы, што масавы расстрэл польскіх афіцэраў – ваеннае злачынства, бо абавязак гуманна абыходзіцца з ваеннапалоннымі ды забарона на забойства былі часткаю міжнароднага права, якога савецкія ўлады мусілі былі прытрымлівацца”, – гаворыцца ў заяве трыбуналу.

Тым не менш, трыбунал не задаволіў самой скаргі 15 сваякоў забітых у Катыні. Яны абвінавацілі Расею ў парушэнні Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека падчас расследавання падзеяў у Катыні.

Расея заяву трыбуналу, хутчэй за ўсё, праігнаруе, да таго ж трыбунал не забавязаў краіну праводзіць новае расследаванне. Масква спасылаецца на тое, што следства ў справе Катыні было праведзенае ў 1990 г., да прыняцця Расеяй Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека. Акрамя таго, катынская трагедыя адбылася больш за семдзесят гадоў таму, калі яшчэ не існавала Канвенцыі, таму Расея не лічыць сваім абавязкам расследаваць тых падзеяў.

Масавыя расстрэлы польскіх грамадзянаў праводзіліся і ў нашай краіне. Гісторыкі лічаць, што імёны забітых сталіністамі застаюцца ў асобным беларускім спісе. Калі расейскі ды ўкраінскі спісы агучылі, то беларускі дагэтуль застаецца таямніцаю. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, ідзецца пра спіс з прыкладна 10 000 зняволеных у турмах Заходняй Беларусі, расстраляных падчас гэтак званай “польскай аперацыі НКУС” у красавіку-траўні 1940 г. Гісторык кажа, што кожны трэці расстраляны ў Катыні нарадзіўся ў Беларусі. Пра гэта ды іншыя факты можна даведацца з дакументальнага фільму “Катынь. Праз 70 гадоў”, знятага адмыслова для “Белсату”.

belsat.eu
https://youtu.be/VsAiqdLpdrM

Глядзі таксама
Каментары