Мікалай Статкевіч не збіраецца пісаць прашэння аб памілаванні


Палітвязню Мікалаю Статкевічу дазволілі патэлефанаваць жонцы Марыне Адамовіч з магілёўскай турмы № 4, дзе яго цяпер трымаюць. Ён заявіў, што ягоная пазіцыя нязменная, і прасіць аб памілаванні ён не збіраецца.

Тэлефонная размова адбылася ўвечары 13 красавіка і доўжылася каля дзесяці хвілінаў. “Мікалай паведаміў, што яму ўжо два разы рабілі флюараграфію. Магчыма, таму, што ягоны былы сусед хварэў на сухоты. Распавёў, што палепшылася ліставанне са знаёмымі – ад іх стала прыходзіць пошта. Мікалай звязвае гэта з пракурорскаю праверкаю, якая цяпер праходзіць у магілёўскай турме. У тым ліку і ён сустракаўся з прадстаўнікамі праверкі, якім паведаміў, што не атрымлівае выпісаных газетаў “Наша Нiва” і “Новы час”, – паведаміла Марына Адамовіч.

Статкевіч сказаў ёй, што адчувае сябе нармальна, толькі крыху прастыў. “Ён не бачыць падставаў непакоіцца пра сваё здароўе. Пра вынікі флюараграфіі, як і пра яе нагоду, яму не паведамлялі”, – сказала Адамовіч.

Мікалай Статкевіч асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары