Еўразвяз заклікае вызваліць усіх палітвязняў


Кіраўніцтва Еўразвязу вітае вызваленне экс-кандыдата на прэзідэнта Беларусі Андрэя Саннікава і кіраўніка ягонага выбарчага штабу Дзмітрыя Бандарэнкі. З адпаведнымі заявамі выступілі вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар у пытаннях пашырэння Штэфан Фюле і старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц. Пры гэтым усе яны падкрэслілі, што іншыя палітвязні таксама мусяць быць вызваленыя.

“Я вітаю навіну пра тое, што былы кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў і кіраўнік ягонага штабу Зміцер Бандарэнка цяпер вольныя і могуць з’яднацца са сваімі сем’ямі ды сябрамі”, – сказала Эштан.

Паводле яе, Саннікаў і Бандарэнка – “выбітныя сімвалы праз іхную нястомную працу і прыхільнасць ідэі дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі”. “Я заклікаю ўлады Беларусі безумоўна вызваліць усіх іншых палітычных зняволеных і зняць усе абмежаванні на ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў. Гэта, несумненна, будзе спрыяць магчымасці прасоўвацца наперад у кірунку паляпшэння дачыненняў паміж Еўразвязам і Беларуссю”, – заявіла Эштан.

У сваю чаргу Штэфан Фюле зазначыў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі ёсць “першым фундаментальных крокам, якога, натуральна, можна было чакаць у сітуацыі, калі Лукашэнка абяцаў памілаваць тых, хто пра гэта прасіў”.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што “супраць прынцыпаў сучаснай Еўропы і супраць чалавечай годнасці прымушаць людзей прызнацца ў тым, чаго яны ніколі не рабілі, калі іхнае адзінае “злачынства” – выяўленне ўласнай думкі”.

Кіраўнік Еўрапарламенту Марцін Шульц таксама вітаў вызваленне двух палітвязняў. “Гэта выдатная навіна, але са спазненнем на 16 месяцаў. Гэтыя два змагары за свабоду наагул не мусілі апынуцца ў турме”, – заявіў Шульц.

Ён таксама заклікаў улады Беларусі вызваліць рэшту палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

belsat.eu

Стужка навінаў