Паўночная Карэя адзначыла дзень народзінаў Кім Ір Сэна


Гэта галоўнае дзяржаўнае свята ў краіне – Дзень сонца.

«Сонцу нацыі», як называюць Кім Ір Сэна, споўнілася б сёння сто гадоў. З гэтай нагоды ў Пхеньяне прайшоў буйны парад войскаў. За шчыльнымі шэрагамі абаронцаў ідэяў чучхэ назіраў кіраўнік краіны Кім Чэн Ун – унук Кім Ір Сэна.

Нягледзячы на няўдалы запуск касмічнага спадарожніка, паўночнакарэйскі лідар заявіў аб працягу ўмацоўвання «вайсковага кулака» краіны і заклікаў рухацца да канчатковай перамогі над імперыялістамі. У адказ тысячы жаўнераў выкрыкнулі: «Кім Ір Сэн – моцны і квітнеючы!».

Жыхарку Пхеньяну Янг Чун Ок, якая згадзілася паразмаўляць з журналістамі, уразіла сіла словаў новага лідара нацыі.
«Дагэтуль я не ўяўляла, наколькі магутнае нашае войска. Пасля сённяшняга параду я зразумела, што нашая краіна мае неверагодную вайсковую сілу. Я адчуваю, што мы сталіся моцнаю нацыяй. Калі я пачула словы генарала Кім Чэн Уна, у мяне паболела ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, і я ўпэўненая, што таварыш Кім Чэн Ун – сапраўдны гаспадар нашых лёсаў. Пакуль ён з намі, я нічога не баюся», – заявіла шчаслівая грамадзянка.

Эксперты мяркуюць, што Паўночная Карэя рыхтуецца да трэцяга тэставання ядравай зброі, каб дамагчыся харчовай дапамогі ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў