Праваслаўныя вернікі святкуюць сёння Уваскрасенне Хрыста


Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх праваслаўных цэрквах Беларусі. У велікодным пасланні мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, заклікаў паству «ісці за Хрыстом Уваскрослым, каб радасць нашая была поўная».

«Быць хрысціянінам азначае несці велікодную сілу любові нашым блізкім. Там, дзе нам бачыцца безнадзейнасць гора, злосць і пекла, – там Гасподзь сцвярджае Свой Крыж, каб, разарваўшы путы граху, засіяць святлом радасці, сэнсу і любові. Мы, хрысціяне, – спадчыннікі Вялікадня Хрыстова! І Вялікдзень – гэта не падзея аднаго дня. Яна не завяршаецца нават Узнясеннем і Пяцідзясятніцай. Яна заўсёды там, дзе мы сілаю Божаю перамагаем грэх!» – зазначаецца ў пасланні.

«Любоў жа да Госпада няхай будзе для ўсіх нас сілаю, якая ўмацоўваецца ў любові да бліжняга і нашай Айчыны. Не трэба думаць, што Гасподзь бліжэйшы да чалавека ў нейкіх асаблівых месцах, там, дзе нас няма. Будзем тут, на зямлі продкаў, маліцца аб дараванні нам Боскай ласкі! » – заклікаў мітрапаліт Філарэт.

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы бярэ ўдзел у святочных набажэнствах, якія пачаліся напярэдадні ў сталічным кафедральным саборы Святога Духу і працягнуцца сёння.

Чакаецца, што сабор традыцыйна наведаюць Аляксандр Лукашэнка ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

У Беларусі існуюць 11 праваслаўных епархіяў, у якіх служаць 14 архірэяў, у тым ліку тры вікарныя, а таксама 1551 прыход, 34 манастыры, адна акадэмія, дзве семінарыі, тры духоўныя вучэльні, 654 нядзельныя школы. Для Беларускай Праваслаўнай Царквы працуюць 1485 святароў і 166 дыяканаў.

belsat.eu
https://youtu.be/UVo1x1Kn_n0

Глядзі таксама
Каментары