Андрэй Саннікаў: Салідарнасць выратавала мне жыццё


Экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў на волі. Тэлеканалу “Белсат” удалося звязацца з палітыкам, калі той быў у дарозе з Віцебску на Менск.

“Я хачу падзякаваць сваёй сям’і ды ўсім людзям Беларусі, бо тое магутнае падтрыманне, якое я адчуваў праз лісты, праз звесткі, якія даходзілі, праз газеты, якія таксама час ад часу даходзілі. Салідарнасць проста выратавала мне жыццё. І салідарнасць у свеце таксама. Я лічу, што шмат чым абавязаны ўсім людзям”, – сказаў Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю “Белсату”.

Інфармацыя аб вызваленні палітыка з’явілася на інтэрнэт-рэсурсе “Хартыя’97”, пазней гэта пацвердзіла „Белсату” жонка палітыка Ірына Халіп.

“Мне нічога невядома акрамя таго, што ён цяпер на чыгуначным вакзале ў Віцебску, за ім паехаў Сяргей Парсюкевіч”, – распавяла Ірына Халіп “Белсату”. Яна дадала, што для палітыка вызваленне стала нечаканасцю. “Андрэй мне толькі праз тэлефон, калі з вакзалу тэлефанаваў, сказаў: “Як саджалі, гэтак і выпусцілі”, – сказала Ірына Халіп.

Удзельніка мінулай прэзідэнцкай кампаніі Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы ў “арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года”, то бок – пратэсту грамадзянаў, якія не прызналі легітымнымі вынікі выбараў.

Напрыканцы лістапада палітвязень напісаў прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка Беларусі, пасля чаго заставаўся за кратамі яшчэ амаль пяць месяцаў.

belsat.eu

https://youtu.be/h6o3aBf4wow
https://youtu.be/9gQRaVYYNQ0

Глядзі таксама
Каментары