Круглы стол сабакаў ды іхных гаспадароў прайшоў у Менску


Якія праблемы паўстаюць перад тым, хто вырашыў узяць сабаку? Выканаўца абавязкаў старшыні грамадскага аб’яднання абароны жывёлінаў “Кот і сабака” і ўладальніца мітэльшнаўцэра Шона Юлія Наймарк распавяла: “Найперш гэта пытанне выдаткаў – каб сабаку карміць добра і якасна, неабходная значная сума грошай. Да прыкладу, для майго Шона – гэта дзесьці 6 кг мяса на месяц. Далей – адсутнасць пляцовак для выгулу, куды можна было б спакойна і ўпэўнена выводзіць сабаку. Напэўна, стаўленне навакольных – хоць часцяком яно абумоўленае і тым, як паводзіць сябе гаспадар сабакі. І, нарэшце, няўпэўненасць у ветэрынарным абслугоўванні, бо не ўсе хваробы ў нас могуць лячыць, не ўсе дыягнастуюць праз недахоп рэагентаў або абсталявання. Вось, напэўна, галоўныя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкнуцца гаспадару жывёліны”.

Што рабіць, каб не было бадзяжных сабакаў? “Гэта комплексная праблема, – мяркуе Юлія. – Ейныя складнікі – і агульная культура грамадства, і культура ўладальнікаў сабакаў, і праца клубаў, якія цяпер займаюцца пераважна арганізацыяй выставаў, а не выхаваннем адказных уладальнікаў. Акрамя таго, мусіць быць дапамога дзяржавы ў спыненні бескантрольнай гадоўлі жывёлінаў”.

Алена Ода прыйшла на сустрэчу з улюбёнкаю – дварняком Варушай. Ці не пачуваецца яна белаю варонаю ў арыстакратычным асяроддзі? “Абсалютна не, – усміхаецца дзяўчына. – Людзі на вуліцы часта пытаюцца, што за ўнікальны ў мяне сабака, мараць завесці сабе такога ж. Я ганаруся сваёй Варушаю, яна ў мяне – самая прыгожая, самая разумная”.

На думку Алены, людзі нярэдка спрабуюць самасцвердзіцца коштам дарогай і моднай пароды сабакі. “Насамрэч сёння ў горадзе нашмат больш дварнякоў, чымся ў сельскай мясцовасці, – кажа Алена. – На сяле людзі імкнуцца завесці пародных сабакаў, хоць не заўсёды могуць забяспечыць ім належнае ўтрыманне”.

belsat.eu
https://youtu.be/-vp3k1Gk4WQ

Глядзі таксама
Каментары