Апытанне: у чым праблема міліцыі?


Як паведаміла ГУУС Менску, ажно 86 % жыхароў сталіцы давяраюць праваахоўным органам. А больш за 70 % адзначылі, што стаўленне міліцыі да грамадзянаў “ветлівае і ўважлівае”.

Гэткія лічбы падаюцца, мякка кажучы, сумнеўнымі. “Белсат” запытаўся ў менчукоў: у чым праблема беларускай міліцыі, ды ці варта верыць звесткам апытання ГУУС?

“Я думаю, што прычыны [супрацьпраўных паводзінаў міліцыі] трэба шукаць у глыбіні – гэта комплексы. Працаўнікі міліцыі вельмі часта трапляюць у жорсткія межы сістэмы і не могуць браць удзелу ў розных формах самавыяўлення: маляваць, спяваць, танчыць, і ў выніку гэта прыводзіць да супрацьпраўных дзеянняў. Гэта сумна, таму трэба развіваць творчы патэнцыял міліцыянтаў, бо я ўпэўнены, што яны яго маюць. Сістэма мае іх развіваць, каб задаволіць духоўныя і творчыя патрэбы правамерным чынам”, – падзяліўся ідэяй мужчына.

“Давяраць ім цяжка ў тым сэнсе, што яны непадрыхтаваныя да гутаркі з народам. Ёсць нейкая грубасць з іхнага боку, нейкае несур’ёзнае стаўленне. Яны не разумеюць, што мусяць не толькі нас абараняць, але і мець нейкую культуру паводзінаў”, – мяркуе наступны апытаны.

“Відавочна, што не ёсць яны прыкладам, якім мусяць быць. Мае змяніцца механізм прыняцця на працу – каб бралі людзей з юрыдычнаю адукацыяй”, – зазначыў малады чалавек.

“Самае адмоўнае да іх стаўленне. Інцыдэнтаў шмат – самі яны ведаюць, а ў палітыку лезці я не хачу”, – сышоў ад адказу пажылы чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў