Васіль Лявонаў у «Гарачым каментары»


Чым далей, тым лепш будзем жыць. Прынамсі, гэтага можна спадзявацца з новага пражэкту, агучанага Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля лядовых палацаў, атамнай станцыі ды касмічнага спадарожніка “Белка” кіраўнік краіны звярнуў увагу і на тое, што мы ямо. Мармуровую будучыню паабяцаў Лукашэнка айчынным мясаедам у час працоўнай паездкі па Гомельшчыне.

Мармуровае мяса прыйшло з Японіі больш за сто трыццаць гадоў таму. Сваю назву яно атрымала з-за выгляду: мяса мае тонкія прожылкі тлушчу, якія нагадваюць мармуровы ўзор. Бычкоў, прызначаных для мармурызацыі, вырошчваюць у адмысловых умовах на спецыяльнай дыеце. З-за складанасцяў вытворчасці ды вялікіх выдаткаў на атрыманне гэткай ялавічыны яна і нашмат даражэйшая за звычайнае мяса. У самой Японіі кілаграм мармуровага мяса можа каштаваць да паўтысячы долараў.

Паводле экс-міністра сельскай гаспадаркі, у Беларусі ўжо спрабавалі распачаць вытворчасць мармуровага мяса.

“Калі генеральным сакратаром ЦК быў Леанід Ільіч Брэжнеў, была падпісаная дамова з Францыяй, мы атрымалі шмат быдла для гэтага, аднак нічога не выйшла. Гэта не нашыя ўмовы і не нашае надвор’е, каб гэтае мяса вырошчваць. Да таго ж гэтае мяса вельмі дарагое, таму я не ведаю, куды яго пасля падзець”, – кажа Васіль Лявонаў.

Паводле статыстыкі, каля 40 тысяч сем’яў у нашай краіне адносяць сябе да багатых. Гэта каля 120 тысяч чалавек. Што ж да астатніх грамадзянаў, то заробак 500 долараў, або адзін кілаграм мармуровага мяса, застаецца пакуль што толькі мараю.

“Я лічу, што такіх людзей вельмі мала. Але такое мармуровае мяса будзе таннейшае для беларусаў, калі будзе прывезенае з Аргентыны або Бразіліі. Там тыя жывёліны пасуцца круглы год – іх не трэба адмыслова карміць. А нам трэба сем месяцаў гадаваць жывёлу ў хляве”, – заявіў Лявонаў.

Што датычыць мараў Лукашэнкі пра экспарт мармуровага мяса ў Расею, то тут кіраўнік дзяржавы спазніўся. Паводле экс-міністра, усходняя суседка ўжо даўно вырабляе мармуровае мяса сама.

belsat.eu

Стужка навінаў