Сяргей Каваленка добраахвотна спыніў галадоўку


Паводле жонкі палітвязня, ён пайшоў на гэткі крок, каб яго не прызналі неасудным.

“Як растлумачыў мне чалавек, які раней таксама быў у аддзяленні псіхалагічнай экспертызы ў “Навінках”, там у выпадку, калі вязень адмаўляецца ад прыёму ежы – яго без усялякай экспертызы могуць прызнаць неасудным. Думаю, Сяргею гэта патлумачылі, таму ён і рашыў спыніць галадоўку”, – распавяла “Белсату” Алена Каваленка.

Жанчына гаворыць, што нягледзячы на станоўчыя звесткі, яна па-ранейшаму непакоіцца за мужава здароўе і збіраецца настойваць на тым, каб яго перавялі ў звычайны шпіталь. “Выходзіць з такой працяглай галадоўкі, каб не нанесці яшчэ большай шкоды здароўю, вельмі цяжка. І рабіць гэта трэба пад наглядам адпаведных адмыслоўцаў-медыкаў. Я ўпэўненая, што такіх спецыялістаў у аддзяленні псіхалагічнай экспертызы няма”, – зазначае спадарыня Каваленка.

На наступным тыдні жанчына будзе прасіць, каб ёй таксама дазволілі сустрэцца з мужам.

Сяргей Каваленка трымаў галадоўку з невялікім перапынкам з 19 снежня 2011 г., пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду. Актывіста КХП БНФ пакаралі 2 гадамі ды 1 месяцам зняволення нібыта за парушэнне адбывання “хатняй хіміі”. За час галадоўкі актывіст згубіў амаль палову сваёй вагі, у яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

На рашэнне калегіі Віцебскага абласнога суда Сяргея Каваленку 10 красавіка накіравалі на комплексную псіхалагічную экспертызу ў “Навінкі”. Сёння з палітвязнем змог пабачыцца ягоны бацька Аляксандр Каваленка, які і даведаўся ад сына, што той вырашыў спыніць галадоўку.

belsat.eu

Стужка навінаў