Мяса не для ўсіх


https://youtu.be/yi0Bbq-q2RU
Учора, 12 красавіка, Аляксандр Лукашэнка даручыў наладзіць вытворчасць мармуровага мяса. Дзякуючы адмысловай тэхналогіі вырошчвання жывёлы яно мае выдатныя смакавыя якасці. Быкі гадуюцца ў экалагічна чыстых умовах і харчуюцца адмысловым кормам. У Японіі, дзе вынайшлі гэтую тэхналогію, кілаграм мармуровага мяса каштуе да $ 500 за кілаграм.

Паводле эканаміста Міхася Залескага, умовы для вытворчасці гэткага мяса ў Беларусі ёсць, аднак сумнеўна, што ініцыятыва будзе прыбытковая ва ўмовах айчыннай сацыяльна арыентаванай гаспадаркі.

“Нашая гаспадарка настолькі ўжо сацыяльна зарыентавалася з 1930-х гг., што можа існаваць толькі ў замкнёнай прасторы. Калі нам выйсці на метады вонкавага гандлю ва ўмовах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, то будзе вельмі цяжка. У такім мясе не мусіць быць парэшткаў рознай хіміі, пестыцыдаў, гербіцыдаў, бялкова-вітамінных канцэнтратаў – гэта мусілі б быць здаровыя жывёліны. Маса патрабаванняў, якія лёгка дасягаюцца ва ўмовах добрага вытворчага кантролю і тэхналагічнай дысцыпліны. А ў сучасных умовах людзей, на гэта здольных, вельмі мала”, – кажа эканаміст.

Паводле адмыслоўца, для беларусаў не даступнае і звычайнае мяса, не кажучы ўжо пра мармуровае. “Белсат” запытаўся ў менчукоў: як часта яны купляюць мяса і ці не спусташае гэты прадукт іхных гаманцоў?

“Ну, я маю магчымасць купляць, але не злоўжываю мясам. На рынку не купляю, там падман адзін. І купляю без костак, але дарагое яно – асабліва ялавічына”, – кажа пажылая жанчына.

“Кожны дзень – вядома ж, не. Але, у прынцыпе, не галадаем. Праўда, раней толькі выразку куплялі, а цяпер, канечне, трохі менш. Эканомна трэба жыць, цяпер паўсюль так жывуць”, – кажа наступная рэспандэнтка.

“Думаю, што кошт высокі. Але, мяркую, некаторыя знаходзяць, дзе купіць танней мяса. Мне цяжка казаць, бо заробак добры маю, але напэўна ёсць людзі, якім купіць якасны прадукт не па кішэні”, – падзялілася жанчына.

“Шчыра сказаць? Не – баюся, мяне пасадзяць за нецэнзурныя выразы наконт гэтых коштаў і ўсяго гэтага”, – ухіліўся ад адказу мужчына.

“Ведаеце, пры нашым заробку беларусы не могуць сабе дазволіць мяса. У мяне зарплата 6,5 мільёнаў, але ем ліверную каўбасу і крывянку – не хапае ўсё роўна”, – кажа мужчына.

belsat.eu
https://youtu.be/NMCgR5i6D5A

Глядзі таксама
Каментары