Для кліпу групе «Litesound» дазволілі выбухі на палігоне


«Тое, што звычайна дамалёўваюць на кампутары, тут будзе знятае жыўцом: сапраўдныя выбухі, верталёты і ратаўнікі», – распавёў прадзюсар гурта Юрый Каракін.

Здымкі кліпу да песні «We are the heroes», з якою група паедзе на конкурс «Еўрабачанне» ў Баку, распачаліся на палігоне беларускага Міністэрства надзвычайных сітуацыяў непадалёк Менску. Увечары 12 красавіка музыкі здымалі фрагмент катастрофы авіялайнера на трэнавальным стэндзе МНС, на якім звычайна адпрацоўваюцца паводзіны чальцоў экіпажу пры магчымых аварыях.

Прадзюсар распавёў, што здымкі фінансуе «Белтэлерадыёкампанія», прыкладны кошт – некалькі тысячаў долараў: «Вядома, здымаць у Беларусі танней, чымся за мяжою. Калі палічыць кошт такога кліпу з усімі спецэфектамі, з усёй выкарыстанаю тэхнікаю, гэта будуць мільёны даляраў. Але ўсю тэхніку, абсталяванне і неацэнную дапамогу аказвае МНС, таму кошт кліпу істотна меншы».

Паводле сюжэту, звычайныя людзі трапляюць у цяжкую сітуацыю. «На Зямлю прыйшла бяда, у розных частках зямнога шару адбываюцца дзіўныя рэчы: спыняюцца гадзіннікі, выбухаюць прадпрыемствы, падаюць самалёты. На дапамогу людзям прыходзяць ратаўнікі МНС. У канцы ўсё аднаўляецца, усё добра. Сутнасць кліпу такая: усе людзі – героі, дапамагаюць адно аднаму выратаваць свет», – растлумачыў Юрый Каракін.

Скончыць працу плануюць да канца красавіка. Група ўжо здымала кліпы, адзін з іх атрымаў Нацыянальную музычную прэмію.

belsat.eu

Стужка навінаў