Нарадзінец Беларусі збіраецца ў космас


Увосень у космас можа паляцець палкоўнік ваенна-паветраных сілаў Расеі, нарадзінец Беларусі Алег Навіцкі.

Як паведамляюць расейскія інтэрнэт-рэсурсы, на пачатку сакавіка касманаўты Федэральнага касмічнага агенцтва «Роскосмос» Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін паспяхова прайшлі заліковае трэнаванне на трэнажоры расейскага сегменту Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) у Цэнтры рыхтавання касманаўтаў.

Навіцкаму і Тарэлкіну, якія разам з астранаўтам НАСА Кевінам Фордам уваходзяць у экіпаж МКС-33/34, у траўні 2012 г. трэба дубляваць асноўны экіпаж МКС-31/32 (Генадзь Падалка, Сяргей Рэвін і Джоўзэф Акаба). Старт экіпажу 33/34-й асноўнай экспедыцыі на МКС запланаваны на восень 2012 г.

Алег Навіцкі нарадзіўся ў 1971 г. у Чэрвені (Менская вобласць). У 1994 г. скончыў Качынскае авіяцыйнае вучылішча, у 2006 г. – Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына. З лістапада 1995-га да верасня 2004-га служыў лётчыкам, старэйшым лётчыкам, камандзірам звяна, намеснікам камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі штурмавога авіяцыйнага палка (ШАП) 4-й паветранай арміі (ПА) і 4-й арміі ВПС і СПА (Паўночна-Каўказская ваенная акруга, штаб у Растове-на-Доне). Асвоіў самалёты Л-39, Су-25, агульны налёт – 680 гадзінаў. Браў удзел у контртэрарыстычнай аперацыі ў Чэчэніі. Пасля заканчэння акадэміі ў 2006 г. служыў камандзірам авіяцыйнай эскадрыллі ШАП 4-й арміі ВПС і СПА. У атрад касманаўтаў уключаны 7 лютага 2007 г. (14-ы набор).

У часы СССР у космасе пабывалі два нарадзінцы Беларусі: Пётр Клімук (здзейсніў тры палёты: у 1973, 1975 і 1978 гадах) і Уладзімір Кавалёнак (таксама тры палёты: у 1977, 1978 і 1981 гадах). Абодва яны – двойчы Героі Савецкага Саюзу, генерал-палкоўнікі авіяцыі ў адстаўцы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары