Паўночнакарэйская ракета разляцелася на 20 частак


Такія звесткі прыводзіць Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі. Адмыслоўцы з гэтай краіны шукаюць цяпер абломкі няўдалага апарату.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Интерфакс-Запад». КНДР у ноч на пятніцу правяла пуск ракеты са спадарожнікам Зямлі. Паводле інфармацыі японскіх і паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў, палёт працягваўся ўсяго адну хвіліну, пасля чаго ракета звалілася ў акіян. Пхеньян прызнаў сваю паразу, пра што заявілі ў выданні навінаў на дзяржаўным тэлеканале.

КНДР ажыццявіла запуск а 7:39 паводле сеульскага часу (1:39 менскага). За пускам ракеты сачылі службы Японіі, ЗША і Паўднёвай Карэі. Пхеньян з гэтай нагоды нават акрэдытаваў замежных журналістаў. Праўда, пра момант запуску, як кажуць рэпарцёры CNN, ім не паведамілі.

Запуск ракеты, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Кім Ір Сэна, парушыў рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН. Яго асудзіла нават Расея.

Падзенне абломкаў зафіксавалі прыкладна за 200 км ад гораду Кунсан на заходнім узбярэжжы Паўднёвай Карэі.

belsat.eu

Стужка навінаў