Ахвяраў смалявіцкага хапуна адпусцілі


Затрыманнямі скончылася сустрэча старшыні Смалявіцкага райвыканкаму з сябрамі садовых таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі меркаванага будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

На сустрэчу, якая праходзіла ў будынку раённага Дому культуры, прыехалі намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, актывіст кампаніі Міхаіл Пашкевіч і журналіст сайту zaparaudu.info Юрый Ганчар.

Першым затрымалі Ганчара, пра што ён паведаміў па тэлефоне. Пазней стала вядома, што ў грамадскі пункт аховы парадку даставілі і старшыню садаводчага таварыства «Рэчанька» Васіля Казлоўскага. Аўтамабіль з Андрэем Дзмітрыевым працаўнікі ДАІ спынілі на выездзе з гораду. Пасля заканчэння сустрэчы ў Доме культуры «ўзялі» Міхаіла Пашкевіча, на якога склалі пратакол аб непадпарадкаванні міліцыянтам.

Пасля 23:00 усіх адпусцілі. Міліцыянты распыталі пра ўдзел Дзмітрыева і Пашкевіча ў сходзе дачнікаў 10 сакавіка 2012 г., з нагоды якога адкрылі адміністратыўную справу. Міхаілу Пашкевічу ўручылі позву з патрабаваннем прыйсці ў Смалявіцкі РАУС для дачы тлумачэнняў 13 красавіка а 14:00. Аналагічную позву атрымаў Андрэй Дзмітрыеў – толькі з патрабаваннем з’явіцца ў панядзелак.

Як паведаміў Дзмітрыеў, на сходзе прысутнічалі каля 50 чалавек. Некаторыя ўдзельнікі зноў закранулі пытанне будаўніцтва тэхнапарку. Аднак старшыня Смалявіцкага райвыканкаму заявіў, што сустрэча прысвечаная не гэтай праблеме, а тэхнічным пытанням дзейнасці садовага таварыства.

Кампанія «Гавары праўду!» аказвае юрыдычнае ды інфармацыйнае падтрыманне жыхарам Смалявіцкага раёну, якія выступаюць супраць будаўніцтва індустрыяльнага парку, што мае заняць каля 80 квадратных кіламетраў побач з нацыянальным аэрапортам «Менск».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары