У Польшчы для беларусаў спрасцілі працэдуру ўладкавання на працу


Са студзеня 2011 г. беларусы змогуць працаваць без адмысловага дазволу.

Раней ад польскіх працадаўцаў патрабавалі давесці, што беларус лепей справіцца на пасадзе, чым грамадзянін РП. Пры гэтым будучы працаўнік мусіў атрымаць пісьмовы дазвол ваяводы. Працэдура была платная.

Са студзеня 2011 г. польскі працадаўца будзе абавязаны толькі напісаць заяву аб прыёме замежнай асобы ў павятовае ўпраўленне працы і там жа зарэгістраваць заяўку. Беларусу дастаткова мець дакумент ад працадаўцы. Такое распараджэнне падпісала міністр працы Ёлянта Фэдак. Такія ж правілы будуць дзеяць таксама для грамадзянаў Грузіі, Малдовы, Расеі ды Украіны.

Даследнік і сацыёлаг Яўген Дзмітрыеў мяркуе, што новаўвядзенні польскіх уладаў узмоцняць эміграцыю беларусаў: “Адкрытасць межаў і капіталізм натуральна ўплывае на тое, што нашыя суайчыннікі шукаюць лепшага жыцця за мяжою. Нашыя суседзі: Літва, Латвія, Польшча – уступілі ў Еўразвяз. Іх жыхары паехалі за лепшым жыццём на Захад, а беларусы запоўняць пустыя месцы палякаў, літоўцаў і латышоў у іх на радзіме”.

belsat.eu

Стужка навінаў