Павал Усаў: рэжым можа перайсці да адкрытага палітычнага тэрору


Палітолаг Павал Усаў лічыць, што інфармацыйная вайна з боку Расеі – не выпадковасць, але прынятыя Крамлём рашэнні ўсцяж застаюцца загадкаю.

Паводле эксперта, адназначнага адказу на асноўнае пытанне: збіраецца Расея звергнуць Лукашэнку або цісне на рэжым, каб яшчэ больш уцягнуць яго ў сферу палітычных уплываў, – даць пакуль немагчыма.

Павал Усаў пералічвае мэты, якія можа пераследаваць Крэмль. Па-першае, зразумець пры дапамозе нагнятання сітуацыі, наколькі магчымы варыянт сілавой змены рэжыму ў Беларусі ці рэвалюцыі. Па-другое, паспрабаваць падштурхнуць грамадства і апазіцыю да ўнутранай мабілізацыі.

“Тэма знікненняў мусіць уздзейнічаць не на Лукашэнку, а на грамадства і апазіцыю – дзеля аб’яднання сілаў. Кроў заўжды грала важную ролю ў рознага кшталту рэвалюцыях, у тым ліку ў былым Савецкім Саюзе і былым сацлагеры, калі рэжым абвінавачваўся спачатку ў палітычных забойствах, што ў выніку прыводзіла да сацыяльных бунтаў”, – лічыць спадар Усаў.

Аднак, на думку эксперта, абедзве мэты цяжка дасягальныя, бо расейскія тэлеканалы не фармуюць інфармацыйнай прасторы Беларусі, а з боку грамадства і апазіцыі ніякай рэакцыі пакуль няма.

Трэцяя магчымая мэта Масквы – ціск на Лукашэнку, каб ён перад выбарамі падпісаў пэўныя палітычныя ці гаспадарчыя пагадненні з Расеяй. “Але як мы ведаем з мінулых выбараў, усе пагадненні, якія паўстаюць паміж Менскам і Масквою, застаюцца нерэалізаваныя менавіта беларускім бокам. У гэтым выпадку Масква менавіта перад выбарамі чакае канкрэтных крокаў рэжыму ў стварэнні спрыяльных умоваў для расейскага бізнесу ў Беларусі”, – зазначае Павал Усаў.

Як павядзе сябе Аляксандр Лукашэнка? “Для яго самае слабае месца – не абвінавачанне ў палітычных забойствах, а тое, што Расея можа не прызнаць вынікаў выбараў. Калі гэта адбудзецца, сітуацыя будзе непрадказальная. Як павядзе сябе Лукашэнка, сказаць цяжка, бо часта ён робіць неадэкватныя крокі”, – папярэджвае наш суразмоўца.

“Магчымы і такі варыянт: беларускі рэжым, баючыся ўдзелу Расеі ў змене палітычнага рэжыму, каб застрашыць агентаў зменаў або апазіцыю, даходзіць да адкрытага палітычнага тэрору. Тады, незалежна ад таго, хто адказны за смерць Бябеніна, можна чакаць далейшых непрыемных крокаў”, – падсумаваў Павал Усаў.

belsat.by
14.09.2010
Фота belsat.by

Стужка навінаў