Актывісты «Zмены» шукаюць «самага справядлівага» суддзю


Моладзевае крыло грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», «Zмена», прапаноўвае працаўнікам судовай сістэмы Беларусі паўдзельнічаць у конкурсе на званне «самага справядлівага». У відэазвароце актывістаў, размешчаным на сайце кампаніі «Гавары праўду!», мяккая цацка, заяц, запрашае «суддзяў, ілжэсведак і сябраў БРСМ» прысылаць на адрас кампаніі свае фотаздымкі і хатнія адрасы. Узамен ім абяцаюць налічэнне балаў. Хто набярэ найбольшую колькасць балаў, атрымае каштоўныя прызы ад кампаніі.

Як паведаміў адзін з лідараў «Zмены», фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня Павел Вінаградаў, ён не асабліва спадзяецца на тое, што хтосьці возьме ўдзел у конкурсе. «Магчыма, у ім возьмуць удзел суседзі, якія ведаюць, чым займаюцца суддзі, што выносяць палітычна матываваныя прыгаворы», – выказаў меркаванне актывіст.

Паводле яго, сутнасць конкурсу ў тым, каб «чарговы раз нагадаць суддзям і працаўнікам міліцыі, каму яны служаць і каму яны мусяць служыць». «Гэта нагадванне пра тое, што ніводзін несправядлівы прыгавор урэшце беспакараным не застанецца. Калі нават суддзі не возьмуць удзелу ў конкурсе, то, спадзяюся, яны прагледзяць наш ролік і, магчыма, задумаюцца над тым, што робяць», – патлумачыў Павел Вінаградаў.

Трэба адзначыць, што гэта ўжо чарговая акцыя «Zмены» з удзелам мяккіх цацак. Першая з іх пад дэвізам «Игрушко митингуэ!» адбылася ў лютым. Тады перад уваходам у Менгарвыканкам актывісты размясцілі дзевяць плюшавых цацак з плакатамі, якія заклікалі да свабоды прэсы, вызвалення палітвязняў і г. д. Потым мяккія цацкі неаднаразова рабіліся ўдзельнікамі пікетаў з рознымі актуальнымі патрабаваннямі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары