Апытанне: Ці задавальняюць вас паслугі «Белавіі»?


«Аэрафлот» ды іншыя расейскія кампаніі могуць выцесніць «Белавію» з беларускага неба. Беларускі перавозчык можа не вытрымаць не толькі «нарматыўнага» ціску з боку расейскіх авіяцыйных уладаў, але і канкурэнцыі з буйнымі і заможнымі расейскімі авіякампаніямі. Ці задавальняюць беларусаў паслугі, якія прапаноўвае айчынны перавозчык, ці яны аддаюць перавагу замежным кампаніям? З гэтым пытаннем журналісты звярнуліся да жыхароў Менску.

«Кошты маглі бы быць і меншыя – з Еўропы лётаць танней, – гаворыць адзін з пасажыраў, што накіроўваецца з Менску ў Маскву. – З коштамі «Белавіі» трэба папрацаваць. Сэрвіс цалкам прыстойны, але кошт высокі. І мала акцыяў, амаль няма зніжак. Трэба праводзіць прома-акцыі ды часцей рабіць зніжкі, тады народ будзе хутчэй раскупляць квіткі». «Даводзіцца лётаць, больш за тое – я працую ў «Белавіі» ды менавіта «Белавіяй» лётаю. Я задаволеная сваёй авіякампаніяй», – гаворыць удзельніца апытання.

«Я ведаю розныя еўрапейскія «лоў-косты», што лётаюць з Вільні. Ведаю, што ёсць расейскія авіякампаніі. Але «Белавія» – гэта айчынная кампанія, і думаю, што трэба падтрымліваць уласныя прадпрыемствы», – мяркуе адзін з менчукоў.

Канфлікт паміж расейскімі ды беларускімі авіяцыйнымі ўладамі скончыўся на карысць нашых усходніх суседзяў. Расейскія авіякампаніі павышаюць колькасць рэйсаў на лініі Менск – Масква, магчыма, тое самае зробіць і «Белавія», што прынясе беларускай кампаніі сур’ёзныя страты.

belsat.eu

Стужка навінаў