Леанід Злотнікаў: Праблема не ў коштах на бензін у суседзяў


Чаму кошты на паліва рэгулярна растуць, а прыбыткі беларусаў у найлепшым выпадку застаюцца такімі самымі? «Пакуль у нас такая эканоміка, можна да бясконцасці задаваць пытанні – чаму растуць кошты на тое і на тое? Ад гэтага нічога не будзе змяняцца», – упэўнены эканаміст Леанід Злотнікаў.

Чарговае павышэнне коштаў на бензін і дызельнае паліва канцэрн «Белнафтахім» чарговы раз патлумачыў неабходнасцю «паэтапнага збліжэння цэнаў на тавары ў краінах Мытнага саюзу і павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў». Кошты паліва выраслі на 5–12 %.

«Трэба ставіць пытанне па-іншаму. Рэч не ў тым, чаму кошты павышаюцца. Трэба ставіць пытанне па-іншаму: чаму беларусы так мала зарабляюць, што не могуць сабе дазволіць купляць гэты бензін за тыя самыя кошты, што і суседзі? – упэўнены Леанід Злотнікаў. – Таму беларусы бяднейшыя, бо эканоміка неэфектыўная. У іншых краінах, што больш заможныя, адзін працаўнік можа стварыць больш тавараў».

Паводле паведамленняў «Белнафтахіму», кошты на паліва ў Расеі ніжэйшыя на 15–18 %. А вось розніца ў заробках – яшчэ большая. «Сярэдні заробак у Расеі – каля 800 долараў, а ў нас – 350–400 долараў, і мы не можам хутка дагнаць Расею», – падкрэсліў Леанід Злотнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў