Алег Гулак у "Гарачым каментары"


Жахлівая арыфметыка: адзінаццаць чалавек загінулі на месцы, яшчэ чатыры памерлі ў шпіталях, дваіх расстралялі за арганізацыю і выкананне злачынства, трыста восемдзесят сем – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. З выбуху ў менскім метрапалітэне мінуў роўна год.

Выбух прагрымеў 11 красавіка 2011 года а 17:56. Ужо на наступны вечар затрымалі падазраваных у яго здзяйсненні: 25-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Пазней ім выставілі абвінавачанні і ў шэрагу іншых выбухаў, у тым ліку ў Віцебску ў 2005 і ў Менску ў 2008 гадах. Аднак сваю віну прызнаў толькі Дзмітрый Канавалаў. Кавалёў на судзе паказанні змяніў, заявіўшы, што яны былі дадзеныя пад ціскам следства. 30 лістапада вярхоўны суд прызнаў Канавалава вінаватым ў тэрарызме, а Кавалёва – у неданясенні пра тэракт. Абодвух прысудзілі да расстрэлу. Не зважаючы на недавер да следства і судовага працэсу з боку грамадства, 15 сакавіка асуджаных забілі.

Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту, расстрэл асуджаных не паставіў кропкі ў справе тэракту.

“У грамадства па-ранейшаму застаецца шмат пытанняў. Гэта пытанні матывацыі гэтых хлопцаў, наколькі пераканаўча была даказаная віна, чаму расстралялі Кавалёва, які нават паводле прысуду не заслугоўваў на смяротнае пакаранне. Застаецца праблема таго, што суд правялі такім чынам, што не пераканалі грамадства ў справядлівасці выраку”, – кажа спадар Гулак.

Пасля абвешчання выраку большасць рэчавых доказаў знішчылі. Паводле праваабаронцы, у будучыні вярнуцца да гэтай справы будзе вельмі складана.

“У выніку гэтай справы ўпершыню лічба супраціўнікаў смяротнага пакарання стала большая, чымся ягоных прыхільнікаў. Пасля гэтай справы Беларусь мае ўсе падставы адмяніць смяротнае пакаранне, прынамсі, да мараторыю”, – падкрэсліў Алег Гулак.

belsat.eu

Стужка навінаў