Вайна за неба: «Белавія» здае пазіцыі


Палёты з рэгіёнаў Расеі ў Беларусь праз Маскву не зручныя для пасажыраў, затое выгадныя авіякампаніям. Такую думку генеральны дырэктар нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў выказаў 11 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У «Белавія» няма стоадсоткавай упэўненасці, што кампанія зможа ажыццяўляць пяць рэйсаў у Маскву штодня замест чатырох цяперашніх, заявіў Гусараў. «У хуткім часе мы вызначымся, будзем ці не ўводзіць пятую частату», – заявіў ён.

Гендырэктар не выключыў, што ў выпадку тэндэнцыі да павелічэння колькасці палётаў паміж Масквой і Менскам кампаніі «Белавія» давядзецца карэктаваць свае планы. Пры гэтым ён зазначыў, што павелічэнне колькасці рэйсаў у Маскву як з расейскага, гэтак і беларускага боку негатыўна адаб’ецца на пасажырскіх авіяперавозках паміж Менскам і расейскімі рэгіёнамі.

«Мы імкнуліся і імкнёмся развіваць авіяперавозкі не толькі на лініі Масква – Менск, але і з буйнымі расейскімі гарадамі. Павелічэнне колькасці палётаў паміж Масквой і Менскам будзе негатыўна ўплываць на развіццё перавозак паміж Менскам і рэгіёнамі. Калі палёты расейскіх авіякампаніяў у Беларусь будуць канцэнтравацца праз Маскву, гэта не вельмі зручна для пасажыраў, але можа быць зручна для авіякампаніяў. Пасажыры жадаюць лятаць напрасткі, што мы сёння і спрабуем рабіць, развіваючы палёты не толькі ў Пецярбург і Калінінград, але і ў Екацерынбург і Новасібірск. Калі мы будзем павялічваць палёты паміж Масквой і Менскам, аддаючы прыярытэт чыімсьці інтарэсам, у канчатковым выніку могуць пацярпець пасажыры», – падкрэсліў Гусараў.

Ён упэўнены, што дасягнутыя наконт летняга перыяду дамоўленасці – недастатковы вынік перамоваў. «Правілы гульні трэба вызначаць на больш працяглы перыяд, каб авіякампаніям было зразумела, як будаваць свае планы, і не аказацца заспетымі знянацку з прычыны нейкіх адміністрацыйных рашэнняў, як было з авіякампаніяй «Белавія», калі раптоўна раніцаю быў ануляваны дазвол на палёты ў Маскву», – заявіў гендырэктар кампаніі.

belsat.eu

Стужка навінаў