Наталля Паходня: Гэты фільм трэба паказаць усім беларусам


Напярэдадні гадавіны тэракту ў менскім метро была прэзентаваная стужка «Белсату» «Страх у краіне спакою». Аўтары фільму аналізуюць факты і ставяць пад сумнеў афіцыйную версію падзеяў на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 г. Гэта стужка пра беларускую следчую сістэму, беларускі суд, пра лёс людзей, якія сталіся ахвярамі сістэмы.

«Трэба паказаць гэты фільм усім людзям», – гаворыць Наталля Паходня, што назірала за працэсам у справе выбуху ў метро з самага пачатку. «У судзе быў такі момант, звязаны з Дзімам Канавалавым, але тады, на жаль, запісваць нельга было. Ён дакладна і ясна сказаў Шведу [намеснік генеральнага пракурора Беларусі, кіраўнік следчай групы ў справе выбуху – belsat.eu]: мяне збівалі. Ён прасіў дапамогі ў гэтага чалавека, але той усё роўна спрабаваў яго дапытваць. Па БТ гэтага нічога не паказалі, гэта быў важны момант, але яго выразалі, у фільме таксама гэтага няма, бо журналістам забаранялі здымаць», – дадала Наталля Паходня пасля прагляду фільму.

Яна ўпэўненая, што сапраўдныя злачынцы не былі пакараныя. «Мне страшна за маіх дзяцей. Падобнае можа ў любым месцы здарыцца, бо пакараныя не злачынцы, а звычайныя дзеці. Іх прызначылі, і прызначаным можа быць абсалютна любы чалавек», – заявіла Наталля.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся 11 красавіка а 17:56. 15 чалавек загінулі, 387 – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Двух чалавек, абвінавачаных у здзяйсненні тэракту – Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва – расстралялі.

belsat.eu
https://youtu.be/tarWhAR1vO4

Глядзі таксама
Каментары