Гадавіна тэракту ў менскім метро


Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» прагрымеў 11 красавіка а 17:56. 15 чалавек загінулі, 387 – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Двух чалавек, абвінавачаных у здзяйсненні тэракту, расстралялі.

Сёння ў Менску пройдуць афіцыйныя цырымоніі на памяць пра ахвяраў тэракту. А 17:50 каля ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая» будзе адкрыты памятны знак. У гэты ж час каля царквы Усіх Святых на памяць пра бязвінна забітых пройдзе мітынг-рэквіем, а ў крыпце бажніцы плануюць адкрыць дошку памяці і адслужыць паніхіду.

Моладзевыя актывісты плануюць ускласці кветкі да месца трагедыі з 19:00 да 20:00. «11 красавіка 2011 года застанецца ў памяці абсалютнай большасці беларусаў як дзень трагедыі, як дзень бессэнсоўнага забойства людзей, – сказана ў заяве васьмі моладзевых апазіцыйных арганізацыяў. – І хоць «тэрарысты былі злоўленыя, асуджаныя і расстраляныя менш як праз год, пытанняў у грамадстве засталося куды больш, чымся адказаў».

Сёння а 21:30 на «Белсаце» адбудзецца прэм’ерны паказ дакументальна фільму-расследавання «Страх у краіне спакою», прысвечанага падзеям 11 красавіка 2011 г.

Падазраваных, 25-гадовых выхадцаў з Віцебску Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, арыштавалі праз дзень пасля тэракту. Да абвінавачання ва ўчыненні тэракту ў метро дадаліся пасля выбухі ў Віцебску восенню 2005 г. і ў Менску 4 ліпеня 2008-га.

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваю замешанасць ува ўсіх трох выбухах адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад націскам следства. 30 лістапада суд прыгаварыў іх да найвышэйшай меры пакарання. Канавалава прызналі вінаватым у тэрарызме, Кавалёва – у дапамаганні тэрарызму і неданясенні пра рыхтаванне злачынства.

belsat.eu

Стужка навінаў