Вінаградаву забаранілі выходзіць з дому з 20-й да 7-й


Рашэнне аб прэвентыўным наглядзе прыняла суддзя Тацяна Матыль, якая раней пакарала актывіста за акцыю пратэсту з “удзелам” цацак.

У дачыненні былога палітвязня, лідара моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Паўла Вінаградава ўсталявалі прэвентыўны нагляд тэрмінам на два гады. Паседжанне прайшло 10 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску

Гэты рэжым накладае мноства абмежаванняў, у прыватнасці, Вінаградаў абавязаны быць на месцы жыхарства з 20:00 да 7:00, не мае права пакідаць горад без дазволу міліцыі і да г. п.

РУУС, якое выступіла з адпаведным пазовам, матывавала гэта тым, што Вінаградаў працягвае кантактаваць з судзімымі асобамі, што ён не працаўладкаваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Актывіста некалькі разоў затрымлівала міліцыя нібыта за брыдкаслоўе, з пачатку года агулам ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна 25 содняў.

“Падобныя прысуды абвяшчаюцца ў нашай краіне з некалькімі мэтамі, – падзяліўся Вінаградаў. – Першая – запалохаць чалавека, другая – неяк паўплываць на ягоную дзейнасць. Вось як мінімум гэтыя дзве задачы і закліканыя выканаць сённяшні прысуд. Праўда, прызначылі нагляд чамусьці на два гады – я разлічваў на адзін, як і Яроменку (каля месяца таму прэвентыўны нагляд тэрмінам на год прызначылі іншаму былому палітвязню, Уладзіміру Яроменку. – belsat.eu), але не здарылася”.

“Тое, што гэта была тая ж суддзя Матыль, якая судзіла мяне і за цацкі, – гэта, вядома ж, забаўнае супадзенне, – іранізуе Вінаградаў. – Гэта чарговы раз паказвае ўсю бесстароннасць і незалежнасць беларускіх судоў. Усё, як звычайна, без ілюзіяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў